Мінск 14:15

Прадстаўнік Мінска заклікаў Савет бяспекі ААН “належным чынам” адрэагаваць на закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю

Відэа: Polsat / стоп-кадр: "Позірк"

13 верасня, Позірк. Варшава, закрыўшы польска-беларускую мяжу, злоўжыла “сваім геаграфічным становішчам” і прыватызавала межы “ЕС, ЕАЭС, Захаду і Усходу”, з такім сцвярджэннем выступіў на пасяджэнні Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый часовы павераны ў справах Беларусі пры ААН Арцём Тозік.

“Спынены аўтамабільныя і чыгуначныя зносіны, паралізаваны транзіт, спынены рух людзей, — прыводзіць словы дыпламата 13 верасня дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Ці не гэтая сітуацыя стварае рэальныя пагрозы стабільнасці ў рэгіёне? Рашэнне польскіх уладаў пра закрыцці мяжы з Беларуссю з’яўляецца прыкладам беспадстаўных, антынародных крокаў, а таксама простых грамадзян”.

Паводле сцвярджэння Тозіка, дзеянні Варшавы з’яўляюцца “працягам курсу на падрыў стасункаў з суседнімі краінамі”, спрыяюць “далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне, ствараючы рызыкі для стабільнасці і прадказальнасці ў міжнародных стасунках”. “Кіраўніцтва ААН і Еўрапейскага саюза павінны даць прынцыповую ацэнку такім дзеянням”, — лічыць ён.

Дыпламат, як паведамляецца, заклікаў Савет бяспекі ААН “зірнуць на гэтыя дзеянні і адрэагаваць належным чынам”. “Замест дэстабілізацыйнай рыторыкі і паводзін заклікаем усе бакі вярнуцца ў рэчышча канструктыўнага ўзаемадзеяння і дыялогу. Ізноў заяўляем пра прыхільнасць Беларусі да выключна мірных крокаў для ўрэгулявання супрацьстаяння. Гатовыя і надалей садзейнічаць пошуку ўзаемапрымальных развязак канфлікту”, — заявіў прадстаўнік Мінска.

Варта адзначыць, што пазачарговае пасяджэнне Савета бяспекі ААН 12 верасня было скліканае ў сувязі з уварваннем расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы, якое адбылося за некалькі дзён да гэтага.

10 верасня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі на падставе прадстаўлення прэм’ер-міністра Дональда Туска падпісаў распараджэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю.

“Закрываем мяжу з Беларуссю ў сувязі з пагрозай, якую нясуць манеўры “Захад”. Падпарадкаваныя службы МУС і армія знаходзяцца ў найвышэйшай гатоўнасці. Гэта рашэнне носіць часовы характар. Прыярытэт для нас — бяспека полек і палякаў. Пераходы адкрыем, калі будзем упэўненыя, што сітуацыя не будзе несці нам ані найменшай пагрозы”.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня.

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, з 12 верасня — як мінімум на перыяд манеўраў.

Рыжанкоў аб Польшчы: Нікуды яны не падзенуцца, адкрыюць мяжу

12 верасня, Позірк. "Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць", — сказаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", адказваючы на пытанне, ці адкрые Польшча мяжу пасля вучэнняў "Захад-2025". "Як я зараз мяркую, сваё заданне яны выканалі, паднялі …
Падзяліцца: