Ціханоўская аб дэпартаваных без дакументаў палітвязнях: Кожны атрымае дапамогу і першапачатковую легалізацыю
12 верасня, Позірк. Паводле інфармацыі Офіса Святланы Ціханоўскай, сама меней 10 з 38 палітвязняў — грамадзян Беларусі, якія напярэдадні былі вызваленыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі выслаў з краіны ў Літву без пашпартоў.
“На цяперашні момант мы ведаем пра дзесяць, але апытанні працягваюцца”, — паведаміла яна на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе.
На пытанне, ці разумее Офіс, як вырашыць гэтую праблему, а таксама ці ёсць дамоўленасці з іншымі краінамі, у якія экс-палітвязні могуць пажадаць з’ехаць, палітык адказала: “Калі мы рыхтаваліся да прыёму гэтай групы палітвязняў, мы разумелі, што не ўсе захочуць застацца ў Літве. У кагосьці ёсць родныя ў Польшчы, магчыма, у Чэхіі, іншых краінах. Мы, канешне, такія магчымасці прадугледжвалі”.
“Цяпер нам трэба крыху часу, каб сабраць звесткі — якая ёсць на руках у людзей дакументацыя, — сказала Ціханоўская. — Трэба зрабіць часовыя дакументы тут, у Літве, абавязкова, каб іх легалізаваць. І далей мы будзем працаваць (і праваабарончыя цэнтры, найперш Freedom House) паводле іх далейшых планаў. Усё гэта выведзена ўжо ў сістэму. Людзі не будуць пакінуты сам на сам. Канешне, кожны атрымае дапамогу і легалізацыю першапачатковую”.
“Думаю, калі будуць узнікаць нейкія праблемы Дубліна (Дублінскай канвенцыі. — “Позірк”.), то паколькі сітуацыя нестандартная, магчыма, будуць прымяняцца нейкія нестандартныя падыходы. Мы ў камунікацыі з Літвой, Польшчай. Пытанні вырашаюцца па меры неабходнасці”, — дадала спікер.
Згодна з Канвенцыяй аб вызначэнні дзяржавы, адказнай за разгляд хадайніцтва аб прадстаўленні прытулку (Дублінская канвенцыя), адпаведная адказнасць, як правіла, кладзецца на тую краіну, праз якую мігрант упершыню перасек мяжу Еўрасаюза.
Разам з тым, калі ў саіскальніка прытулку ёсць сваякі ў іншай краіне ЕС, справа можа быць перададзена туды. Аднак калі ў мігранта ўжо ёсць віза або від на жыхарства адной з краін ЕС, то менавіта гэтая краіна адказвае за разгляд хадайніцтва.
Сітуацыя з экс-палітвязнямі сярод іншага ўскладненая тым, што іх гвалтоўна дэпартавалі без магчымасці абраць краіну.
11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “па просьбе прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і здзяйсненне іншых злачынных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Усяго памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаДля вызваленых палітвязняў сабрана амаль 97 тыс. еўраМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаПольшча адкрые мяжу пры гарантыі бяспекі і адсутнасці рызык правакацый — ЛатушкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+