Мінск 12:30

“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць вызваліць беларускіх журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні

Калаж: "Позірк"

12 верасня, Позірк. Вызваліць беларускіх журналістаў, якія застаюцца ў няволі, заклікала міжнародная арганізацыя“Рэпарцёры без межаў”.

Арганізацыя вітае вызваленне дзевяці журналістаў, “хоць ім не варта было праводзіць ні дня за кратамі“, заявіла кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Азіі “Рэпарцёраў без межаў” Жанна Кавелье.

“Іх адзіным “злачынствам“ была прафесійная дзейнасць і абарона права на інфармацыю”, — адзначыла яна.

Кавелье выказала шкадаванне, што вызваленыя былі вымушаныя выехаць у Літву, замест таго каб мець магчымасць свабодна працаваць у сваёй краіне.

“Іх мужнасць вартая захаплення перад тварам рэпрэсій, якія фактычна знішчылі незалежныя СМІ ў Беларусі. “Рэпарцёры без межаў“ таксама нагадваюць, што яшчэ 33 журналісты і спецыялісты ў сферы інфармацыі застаюцца ў зняволенні, і настойліва заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх і гарантаваць свабоду інфармацыі”, — заявіла прадстаўнік арганізацыі.

У ліку 52 палітвязняў, адпушчаных на волю 11 верасня ў рамках здзелкі паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам, журналісты Вячаслаў Лазараў, Ігар Лосік, Павел Мажэйка, Аляксандр Манцэвіч, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Алена Цімашчук і Ларыса Шчыракова.

Усе яны былі вывезены ў Літву. Застаецца невядомым лёс аднаго з лідараў дэмсіл Мікалая Статкевіча, які пасля знаходжання на нейтральнай тэрыторыі сышоў на беларускі бок.

Падзяліцца: