38 краін АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязняў

12 верасня, Позірк. Вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі заклікалі ўлады Беларусі 38 краін — членаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
З заявы, апублікаванай на сайце ўрада Вялікабрытаніі, вынікае, што за вызваленне палітвязняў выступілі Бельгія, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Кіпр, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Чарнагорыя, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Вялікабрытанія, Украіна, Канада, Албанія, Андора, Аўстрыя, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова, Паўночная Македонія, Сан-Марына і Швейцарыя.
“Пяць гадоў таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, народ Беларусі выступіў за дэмакратыю, сабраўшыся мірна, каб выступіць супраць ашуканскіх вынікаў, якія падарвалі яго давер і дэмакратычныя памкненні. У адказ рэжым Лукашэнкі пачаў жорсткія і сістэматычныя рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў”, — канстатуецца ў заяве.
Адзначаецца, што паводле даных Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, за шэсць дзён пасля абвяшчэння вынікаў выбараў тады было затрымана не менш за 13.500 чалавек, да траўня 2021-га — больш за 37.000.
“У наступныя гады беларускія ўлады вялі нястомную кампанію па падаўленні грамадзянскай супольнасці, падаўленні незалежных СМІ і ліквідацыі любой формы палітычнай апазіцыі. Тысячы людзей былі несправядліва затрыманыя, падвергнутыя катаванням і жорсткаму абыходжанню або вымушаныя пакінуць краіну. Улады пашырылі і злоўжылі законамі аб барацьбе з “экстрэмізмам” і “тэрарызмам”, каб пакараць законнае ажыццяўленне правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і аб’яднанняў”, — гаворыцца ў заяве.
Са спасылкай на даныя праваабарончага цэнтра “Вясна” паведамляецца, што з 2020 года не менш за 8.519 чалавек падвергнулася ў Беларусі крымінальнаму пераследу паводле палітычных матываў, зафіксавана больш за 100 тыс. выпадкаў рэпрэсій.
Звяртаецца ўвага, што Беларусь не выканала свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і абавязацельствы ў рамках АБСЕ, уключаючы тыя, якія “звязаныя з правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў і своечасовым запрашэннем назіральнікаў за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ”.
“Больш за тое, падтрымка Беларуссю агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і выкарыстанне нелегальнай міграцыі ў якасці інструмента яшчэ раз падкрэслівае яе грэбаванне міжнародным мірам і бяспекай, а таксама сваімі абавязацельствамі ў рамках АБСЕ”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Вызваленне “некалькіх сотняў” палітвязняў з ліпеня 2024 года названае “пазітыўнай падзеяй”, аднак аўтары заявы “па-ранейшаму глыбока занепакоеныя арыштамі і пераследамі асоб за рэалізацыю сваіх правоў чалавека”.
“Мы таксама памятаем пра тых, хто пасля вызвалення быў вымушаны бегчы з Беларусі ці заставацца пад пастаянным наглядам і рэпрэсіямі, што фактычна распаўсюджвае іх пакаранне за межы турэмнага зняволення. Калі адны палітычныя зняволеныя выходзяць на волю, іншыя аказваюцца ў турме. Гэты бясконцы цыкл неабходна разарваць”, — заяўляюць краіны АБСЕ.
У АБСЕ ўваходзіць 57 дзяржаў.
Пасля вызвалення 11 верасня 52 чалавек у Беларусі, паводле даных “Вясны”, застаецца 1.153 палітвязні.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 1 снежня 2025 года — 30 студзеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАлексіевіч: Калі б мы былі сам-насам з Лукашэнкам, мы б перамаглі, з Пуціным — складанейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа чатыры тыдні лістапада Польшча спыніла 400 спроб незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПа справе "Беларускага Гаюна" асуджаны гомельскі прапаведнік царквы хрысціян-адвентыстаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаУ беларускім дэмакратычным асяроддзі няма сацыяльных ліфтаў для моладзі — Ворыхава (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка


