Мінск 22:08

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства “Дакладная механіка“

Крыніца: mech.by

Крыніца: mech.by

10 верасня, Позірк. Новыя санкцыі супраць расійскага вайскова-прамысловага комплексу і ягоных замежных партнёраў увяла Украіна 10 верасня.

У спіс уключанае беларускае ТАА “Дакладная механіка”, зарэгістраванае ў Мінску на вуліцы Казінца, 121А.

Прэс-служба прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага адзначае, што гэтае прадпрыемства вырабляе “дэталі і абсталяванне для авіяцыйнай, аўтамабільнай і касмічнай прамысловасці Расіі“.

Згодна з рэестрам на сайце kartoteka.by, ТАА “Дакладная механіка” было зарэгістраванае ў лютым 2009 года. Асноўным відам дзейнасці названая “апрацоўка металічных вырабаў з выкарыстаннем асноўных тэхналагічных працэсаў машынабудавання”.

Само прадпрыемства пазіцыянуе сябе як “вытворцу дэталяў і абсталявання для авіяцыйнай, аўтамабільнай, касмічнай прамысловасці, электраоптыкі і фармацэўтыкі”. “Мы вырабляем дэталі падвышанай складанасці, вырабляем зборачныя адзінкі і распрацоўваем і вырабляем нестандартнае тэхналагічнае абсталяванне. Кампанія мае ўсе неабходныя сертыфікаты, якія гарантуюць высокую якасць прадукцыі. Мы працуем з заказчыкамі з Германіі, Галандыі, Польшчы, Расіі, ЗША, Швейцарыі і Францыі“, — адзначаецца ў прэзентацыі.

Сайт прадпрыемства распрацаваны на рускай, англійскай і нямецкай мовах.

“Дакладная механіка” трапіла пад санкцыі ЗША 9 жніўня 2024 года, у чацвёртую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх (80% за Аляксандра Лукашэнку) прывялі да масавых акцый пратэсту.

Прадпрыемства згадвалася ў расследаванні “Зброевы барон. Як Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне“, якое апублікавала ў траўні 2024 года арганізацыя BelPol.

Падзяліцца: