Мінск 16:50

У ракетах “Іскандэр” стала больш беларускіх і расійскіх кампанентаў — упаўнаважаны па санкцыях Украіны

Источник: truth-hounds.org

9 верасня, Позірк. У сучасных крылатых ракетах “Іскандэр” (9М727), якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, павялічылася колькасць кампанентаў расійскай і беларускай вытворчасці, вынікае з заявы ўпаўнаважанага прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслава Уласюка.

“У параўнанні з ракетамі папярэдніх гадоў стала менш кампанентаў з Еўропы і ЗША, а больш – Расія і Беларусь. Уся інфармацыя была прадастаўлена партнёрам для санкцыйнага рэагавання”, – напісаў ён на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Уласюк паведаміў, што даследаваная Украінай “свежая” ракета “Іскандэр” утрымлівала 57 расійскіх і 5 беларускіх кампанентаў. У той жа час у ёй было каля 35 кампанентаў амерыканскай вытворчасці, а таксама па адным — японскага, брытанскага і швейцарскага.

“Сярод замежных вытворцаў — Texas Instruments, Analog Devises і Altera (ЗША), College Electronics Ltd (Вялікабрытанія), Fujitsu (Японія), Traco Power (Швейцарыя), “Інтэграл” (Беларусь), “Мікрон”, “Вытворчае аб’яднанне “Страла”, “Ангстрэм”, “Даследча-канструктарскае бюро “Эксітон”, “Карачэўскі завод “Электрадэталь” (РФ)”, — адзначыў чыноўнік.

Паводле слоў Уласюка, частка менавіта такой ракеты ў ноч на 7 верасня трапіла па будынку Кабінета міністраў Украіны (баявая частка не выбухнула, гарэла паліва).

Варта адзначыць, што згаданае ўкраінскім чыноўнікам прадпрыемства “Інтэграл” у лютым 2025 года ўжо трапіла пад санкцыі Еўрасаюза — менавіта за тое, што яго прадукцыя закупляецца расійскімі арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у вайне, “і была знойдзеная на полі бою”.

Падзяліцца: