Мінск 22:49

Пацверджаная колькасць затрыманых па справе “Беларускага Гаюна” перавысіла 60 — “Вясна”

Крыніца: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

7 верасня, Позірк. Пацверджаная колькасць затрыманых па крымінальнай справе праекта “Беларускі Гаюн” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў тым ліку расійскага войска ў Беларусі) дасягнула 61, паведаміў 7 верасня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Затрыманні працягваюцца, большасць фігурантаў мужчыны. У віну ставіцца артыкул 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

28 ліпеня праваабаронцы называлі мінімальную лічбу 33 затрыманых, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53.

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. У некаторых з іх атрымалася эміграваць.

Пра масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведаміў, што ў траўні ў брэсцкім следчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна”.

Паводле звестак рэгіянальнага медыяпраекта “Флагшток”, у Гомельскай вобласці па гэтай справе “было затрымана больш за 250 чалавек з пачатку 2025 года”: “У спісах на затрыманне могуць знаходзіцца ў цэлым больш за 1 тыс. чалавек. Сілавікі па чарзе адпрацоўваюць тых, хто трапіў у спіс“.

“Флагшток” адзначае, што кіруе рэпрэсіямі ГУБАЗіК МУС, а непасрэдна затрыманні праводзіць АМАП.

Падзяліцца: