Мінск 22:39

У жніўні праваабаронцы зафіксавалі 72 выпадкі палітычных рэпрэсій

Крыніца: unsplash.com

5 верасня, Позірк. 37 чалавек прызнана палітвязнямі ў жніўні, гаворыцца ў месячным аглядзе сітуацыі з правамі чалавека, падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам “Вясна”.

Колькасць палітвязняў на канец месяца склала 1.187 чалавек (з іх 180 — жанчыны).

Усяго з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4.081 чалавека. 2.894 чалавекі (з іх 597 — жанчыны) ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са змяненнем меры стрымання.

Адзначаецца, што агульная колькасць палітвязняў у Беларусі “застаецца па-ранейшаму крытычна высокай”, нягледзячы на вызваленні.

“Гэта тлумачыцца працягам крымінальных рэпрэсій, якія не спыняюцца, нягледзячы на заявы ўладаў аб поўным падаўленні супраціву рэжыму Лукашэнкі”, — гаворыцца ў аглядзе.

Усяго з 2020 года не менш як 8.730 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам паводле палітычных матываў, у дачыненні да не менш як 7.400 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды (у тым ліку 34 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне).

У жніўні 2025 года “Вясна” зафіксавала 72 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.).

Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій у 2025 годзе “звязана з адсутнасцю доступу да публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе”, падкрэслілі праваабаронцы.

Міністэрства інфармацыі ў жніўні дадало яшчэ 31 кнігу ў спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Усяго ў спісе 141 пазіцыя.

За месяц суды вынеслі 50 рашэнняў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў “экстрэмісцкімі матэрыялам” — у два разы менш, чым у папярэднім месяцы, адзначаецца ў аглядзе.

У сувязі з хуткім заканчэннем тэрміну даўніны прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў масава распачынаюцца крымінальныя справы. Праваабаронцам вядома, што толькі ў Мінску па такіх крымінальных справах зараз праходзяць “сотні чалавек”.

Па стане на канец жніўня ў спісе арганізацый і фарміраванняў, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай” дзейнасці налічваецца 307 суб’ектаў.

У спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай” дзейнасці, на канец мінулага месяца было дададзена 5.677 чалавек. За жнівень дададзена 117 прозвішчаў — на 24 больш, чым у ліпені, і на 54 больш, чым у чэрвені. Падставай уключэння служаць прыгаворы паводле “экстрэмісцкіх” артыкулаў, якія набылі моц.

Падзяліцца: