У адрозненне ад расіян, беларусы не хочуць паўтарэння сусветнай вайны — Ціханоўская ў Аўстрыі

4 верасня, Позірк. Калі беларусы кажуць пра Другую сусветную вайну, яны выкарыстоўваюць выраз “Ніколі больш!”, а расіяне — “Можам паўтарыць!“. Пра гэта заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 4 верасня ў Вене на мерапрыемстве “Роля Беларусі ў еўрапейскай бяспецы“, арганізаваным няўрадавай арганізацыяй Dialogbüro Vienna.
Як адзначыла Ціханоўская, у такім стаўленні да вайны беларусы вельмі падобныя да іншых еўрапейцаў.
“Нягледзячы на ўсю прапаганду, толькі 4% беларусаў унутры краіны падтрымліваюць прамы ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны. І [Аляксандр] Лукашэнка гэта ведае, але аддае перавагу не звяртаць на гэта ўвагі“, — адзначыла дэмлідар.
“Гэта абыдзецца яму дорага. Другая сусветная вайна была настолькі разбуральнай для Беларусі, што ўдзел у любой вайне для беларусаў псіхалагічна непрымальны“, — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, многія ўспрымаюць саюз Лукашэнкі з Пуціным як вынік гістарычнага выбару беларусаў, але гэта ілюзія. “Хутчэй гэта асабісты выбар Лукашэнкі: абмяняць сваю лаяльнасць Расіі на захаванне ўлады. Без Пуціна ён не пратрымаўся б і месяца”, — упэўненая палітык. Яна ў чарговы раз заклікала адрозніваць беларусаў, якія зрабілі свой выбар на карысць Еўропы і дэмакратыі ў 2020 годзе, і беларускі рэжым.
У кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны дэмлідар падкрэсліла, што беларусы пратэставалі супраць вайны ў 2022 годзе, здзейснілі мноства дыверсій на чыгунцы, перадавалі інфармацыю аб расійскіх войсках украінскім вайскоўцам, а сёння сотні людзей знаходзяцца ў турмах за антываенную дзейнасць.
Яна таксама адзначыла новую хвалю арыштаў па справе праекта “Беларускі Гаюн”, які адсочваў перамяшчэнне расійскіх войскаў па беларускай тэрыторыі.
“Сотні беларускіх добраахвотнікаў змагаюцца за Украіну. У гэтай вайне ўжо аддалі свае жыцці 80 беларусаў. Падтрымайце Украіну, таму што мы разумеем, як цесна пераплеценыя лёсы нашых краін”, — заклікала Ціханоўская ўдзельнікаў мерапрыемства.
Яна нагадала, што на наступным тыдні прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка рыхтуюцца пачаць вайсковыя вучэнні “Захад-2025“ у Беларусі, якія ўключаюць у сябе імітацыю ядзернага ўдару.
“Я часта казала: дыктатарам не патрэбны мір — яны выжываюць, сілкуючыся вайной. І, на жаль, Беларусь знаходзіцца ў цэнтры гэтага. У 2022 годзе яна стала плацдармам для расійскага ўварвання, а цяпер — вайсковым складам для расійскага войска. 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць прадукцыю для расіскай вайсковай машыны”, — звярнула ўвагу палітык.
“Лукашэнка таксама выкарыстоўвае вайну як інструмент для легітымацыі рэпрэсій. Ён псіхалагічна і ідэалагічна апрацоўвае грамадства, каб яно прыняло ідэю маштабнай вайны супраць Захаду. І ён ужо даўно вядзе гібрыдную вайну супраць Еўрапейскага саюза, выкарыстоўваючы міграцыю як зброю сваёй стратэгіі”, — падкрэсліла яна.
Пасля выступу дэмлідара адбылася дыскусія і прэзентацыя “Чырвонай кнігі па бяспецы“, складзенай вядучымі беларускімі экспертамі. Гэта — комплексны даклад, які паказвае глыбокую ўзаемасувязь бяспекі Беларусі і Еўрапейскага саюза.
У ім разглядаюцца ключавыя пытанні бяспекі, у тым ліку звычайныя ваенныя пагрозы, міграцыя, энергетычная і эканамічная ўстойлівасць, інфармацыйная вайна, сацыяльна-дэмаграфічныя праблемы, бяспека моладзі ды інш.
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала с міністрам па еўрапейскіх справах Аўстрыі, як зрабіць Беларусь пастаяннай тэмай на парадку дня ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаАўстрыйскія дэпутаты заклікалі да неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка