Мінск 23:13

Ад імя Сяргея Ціханоўскага рассылаюцца фэйкавыя лісты заходнім палітыкам — Вячорка

Відэа: "Краіна для жыцця" Стоп-кадр: “Позірк”

2 верасня, Позірк. Аб правядзенні “масавай кампаніі” супраць палітыка, былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага і “ў цэлым дэмакратычных сіл” паведаміў 2 верасня галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, ад асобы Ціханоўскага рассылаюцца “фэйкавыя мэйлы і паведамленні розным чыноўнікам, палітыкам, дзяржаўным органам”.

“Мы цяпер знаходзімся на міжнародным форуме ў Бледзе, аказалася, што некаторым удзельнікам форуму пісаў “Ціханоўскі” з прапановамі супрацоўніцтва”, — адзначыў Вячорка.

Ён нагадаў, што раней у літоўскую пракуратуру таксама быў адпраўлены ліст нібыта ад Ціханоўскага, які ў наглядным ведамстве “прынялі за арыгінал” і “пачалі расследаванне”.

На думку Вячоркі, за рассылкай стаіць Камітэт дзяржбяспекі Беларусі, які цяпер “відавочна працуе па ўсіх франтах”.

3 ліпеня прэс-служба Ціханоўскай паведаміла пра спробы ўкараніць інфарматараў у каманду, якую збірае яе муж Сяргей Ціханоўскі. Прэс-служба назвала гэтую сітуацыю правакацыяй і не выключыла іншых падобных дзеянняў.

7 ліпеня ініцыятыва “Краіна для жыцця” паведаміла пра “з’яўленне і актыўнае распаўсюджванне” ў месенджары “Тэлеграм” фэйкавага канала каманды Ціханоўскага.

25 жніўня стала вядома, што ў Генеральную пракуратуру Літвы паступіў ліст нібыта ад Ціханоўскага з заклікам пачаць расследаванне супраць дэпутата Вітаўтаса Сініцы. Ведамства падроблены ліст зарэгістравала і перадало на разгляд у Сейм, паведамляла LRT.

1 верасня Ціханоўская паведаміла аб сваім удзеле ў стратэгічным форуме ў Бледзе (Славенія) — “важнай платформе для абмеркавання складаных выклікаў сучаснасці”. Форум праходзіць 1–2 верасня.

Падзяліцца: