77-гадовы жыхар Гомеля абвінавачаны ў забойстве з асаблівай жорсткасцю
2 верасня, Позірк. Пра высветленыя абставіны забойства 45-гадовага жыхара Гомеля, які лічыўся прапаўшым без вестак, абвясціў 2 верасня Следчы камітэт.
Паводле інфармацыі ведамства, 6 красавіка 2025 года мужчына паехаў на дачу ў вёску Раманавічы (Гомельскі раён), а як прыехаў, то зайшоў у госці да мясцовага жыхара. “Там ён сустрэў 77-гадовага знаёмага дачніка з Гомеля. Мужчыны разам выпілі. Затым пенсіянер адправіўся да сябе на лецішча, а 45-гадовы гараджанін раздабыў самагонку і пайшоў за ім”, — заяўляе СК.
Паведамляецца, што “ў хаце на лецішчы састарэлага абодва працягнулі распіваць спіртное”. “У нейкі момант паміж імі ўспыхнуў канфлікт. У парыве гневу пенсіянер нанёс апаненту не менш як 34 удары нажамі, рукамі, нагамі, зэдлічкамі па розных частках цела. Мужчына памёр ад вострай кровастраты”, — гаворыцца ў паведамленні.
Ведамства адзначыла, што “фігурант нікому не паведаміў пра здарэнне”, тым жа вечарам ён “накіраваўся ночыць да суседа”. “Раніцай 7 красавіка вярнуўся на лецішча, загарнуў цела забітага ў брызент і схаваў яго за паветкай. Затым крыху прыбраўся ў доме, узяў заплечнік памерлага і паехаў у Гомель. Для таго, каб заблытаць пошукі без вестак зніклага, наўмысна пакінуў заплечнік у аўтобусе”, — заяўляе СК.
Паводле звестак следства, на наступны дзень “пенсіянер апавясціў дамачадцаў, што ідзе ў паліклініку, а сам паехаў на лецішча”. Там 77-гадовы мужчына “самастойна выкапаў яму ля паветкі, перамясціў у яе цела забітага і па-майстэрску замаскаваў”. “Выняты з ямы лішні пясок перавёз на іншае месца і прыкрыў шыферам”, — адзначыла ведамства.
Праз некалькі дзён “кум зніклага мужчыны забіў трывогу ў сувязі з яго доўгай адсутнасцю і звярнуўся ў міліцыю”. Да пошукаў, паводле інфармацыі СК, падключыліся валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Сімуран”, якія і знайшлі замаскаваную магілу.
“На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група, супрацоўнікі крыміналістычнага аддзела УСК па Гомельскай вобласці. З грунту дасталі цела без вестак зніклага мужчыны. Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па факце забойства. Паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства супрацоўнікі міліцыі затрымалі 77-гадовага дачніка”, — гаворыцца ў паведамленні.
“З удзелам фігуранта праведзены следчы эксперымент і праверка паказанняў на месцы здарэння. Абвінавачаны супрацоўнічаў са следствам, прызнаўся ў здзейсненым і раскаяўся. Раней ён не быў судзімы, пакутуе на сіндром залежнасці ад алкаголю”, — канстатаваў СК.
На падставе сабраных па справе доказаў жыхару Гомеля выстаўленае абвінавачанне паводле п. 6 ч. 2 арт. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса. Мужчына знаходзіцца пад вартай.
Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвага зняволення ці смяротнага пакарання. У адпаведнасці з КК апошнія два віды пакарання не могуць быць прызначаныя мужчынам, якія дасягнулі да дня пастановы выраку 65 гадоў.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на межах краін ЕС з Беларуссю ў жніўні наблізілася да травеньскага рэкорду (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт перавысіла 19,7 млнМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства