Мінск 17:59

Вярхоўны суд 15 верасня пачне разглядаць справу памерлага ваеннага злачынцы Вінніцкага

Архіўнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

2 верасня, Позірк. Вярхоўны суд 15 верасня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Восіпа Вінніцкага (нарадзіўся ў 1915 годзе, памёр у 1997-м), паведаміла прэс-служба ВС.

Раней паведамлялася, што памерламу камандзіру першай роты 118-га батальёна ахоўнай паліцыі часоў нацысцкай акупацыі, інкрымінаваны арт. 127 КК (генацыд). Сцвярджаецца, што ён “наўмысна пазбавіў жыцця не менш як 403 чалавек, уключаючы не менш як 146 дзяцей, у тым ліку заведама малалетніх, а таксама людзей сталага веку і асоб, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане”.

Вінніцкага таксама абвінавачваюць у тым, што ён “замахваўся на пазбаўленне жыцця” яшчэ не менш як 31 чалавек, уключаючы “заведама малалетніх і тых, хто знаходзіўся ў бездапаможным стане”.

Паводле звестак Генпракуратуры, Вінніцкі быў камандзірам першай роты 118-га паліцэйскага батальёна, які ў час акупацыі БССР праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Пасля вайны пражываў у Канадзе, да адказнасці яго прыцягнуць не атрымалася, нягледзячы на ​​шматлікія запыты з боку СССР.

Раней паведамлялася, што да канца 2025 года ў Вярхоўны суд “для разгляду пытання аб падсуднасці” накіруюць “не менш за тры крымінальныя справы ў дачыненні да карнікаў”, а ў 2026 годзе плануецца перадаць у ВС яшчэ 10–15 такіх спраў.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэт гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку. З таго часу было праведзена некалькі судовых працэсаў у дачыненні да даўно памерлых ваенных злачынцаў.

Шэраг гісторыкаў і экспертаў лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа была ўзбуджана ў красавіку 2021 года.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК украінца Уладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленні вёскі Хатынь. З прычыны яго смерці ў 2015 годзе пакаранне прызначана не было.

30 снежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК без прызначэння пакарання карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.

28 сакавіка 2025 года ВС прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімавіча вінаватым паводле арт. 127 КК.

Падзяліцца: