Мінск 01:24

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да экс-добраахвотніка палка Каліноўскага Шабуцкага

Крыніца: СК

1 верасня, Позірк. Следчы камітэт 1 верасня пачаў спецвытворчасць у дачыненні да блогера, экс-добраахвотніка палка Каліноўскага і былога члена Каардынацыйнай рады Максіма Шабуцкага.

Адзначаецца, што абвінавачанаму Шабуцкаму Максіму Рамановічу, 07.01.1984 года нараджэння, “неабходна з’явіцца па адрасе: г. Гродна, вул. Горкага, 121”.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361, ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 і ч. 2 арт. 367, ч. 1 і ч. 2 арт. 368, арт. 369, арт. 391, арт. 188, арт. 3691, арт. 370, ч. 2 арт. 3612, ч. 1 арт. 3614 (у рэдакцыі закона ад 26.05.2021 №112-3), ч. 2 арт. 3614, ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 3613, арт. 3615, ч. 1, ч. 2 і ч. 3 арт. 3611 і ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса.

Да палка Каліноўскага Шабуцкі далучыўся ў канцы 2022 года. У лістападзе 2023-га паведаміў у сваім ютуб-канале, што пакідае полк.

У 2024 годзе быў абраны ў Каардынацыйную раду, узначальваў фракцыю “Незалежныя беларусы”. У студзені 2025-га заявіў аб выхадзе з КР “з асабістых прычын”.

Раней паведамлялася, што да 2020 года Шабуцкі працаваў у МУС.

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі ўжывалася ў дачыненні да 153 чалавек. Гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Даведка “Позірку”:

Арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 188 — паклёп;

арт. 285 — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;

арт. 3614 (у ранейшай і цяперашняй рэдакцыях) — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3615 — праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 370 — здзек над дзяржаўнымі сімваламі;

арт. 391 — абраза суддзі або народнага засядацеля.

Падзяліцца: