Мінск 20:05

Суд над журналістам Ігарам Ільяшом адновіцца 4 верасня

Архіўнае фота на старонках Ільяша ў сацыяльных сетках

1 верасня, Позірк. Працэс над журналістам Ігарам Ільяшом адновіцца 4 верасня ў Мінскім гарадскім судзе, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” дзядуля жонкі палітвязня Сяргей Ваганаў.

“Некалькі месяцаў спатрэбілася на псіхалінгвістычную экспертызу аналітычных тэкстаў Ігара, які абвінавачваецца ў “садзейнічанні экстрэмізму” і ў “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь”, — адзначыў ён.

Экспертызай займаўся доктар філалагічных навук, загадчык кафедры на філфаку БДУ прафесар Сяргей Лебядзінскі, нагадаў Ваганаў. Ён падкрэсліў, што пакуль не ведае, ці выявіў эксперт “доказы, якія адпавядаюць абвінавачанням, або абазначыў сутнасную розніцу паміж крытычным аналізам цяперашняй палітыкі і дыскрэдытацыяй дзяржавы, паміж распаўсюдам “загадзя ілжывых звестак”, як сказана ў КК РБ, і пунктам гледжання аналітыка, яго меркаваннем, свабода якога гарантавана Канстытуцыяй”.

“Шчыра кажучы, мне, прафесійнаму журналісту з больш як 60-гадовым стажам, што напісаў сотні аналітычных інфармацый, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў і эсэ, асабліва цікава даведацца, якія “загадзя ілжывыя звесткі”, то бок факты, якіх не было, распаўсюдзіў Ігар Ільяш. Альбо не распаўсюдзіў. Я знаёмы практычна з усімі тэкстамі Ігара, і заўсёды адзначаў іх спакойны, ураўнаважаны тон, факталагічную грунтоўнасць, лагічнасць аналізу і высноў, іншы раз нечаканых”, — падкрэсліў Ваганаў.

Судовы працэс быў прыпынены каля паўгода таму, 12 сакавіка. Хадайніцтва палітвязня пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.

Ільяша абвінавачваюць паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных выведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.

На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальную справу не атрымала.

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава) была затрыманая разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгавораная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання ўвосень 2020 года.

20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты вырак дзейным. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” замененая на “шпіянаж”.

3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. зараз жыве ў Польшчы.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у месцах несвабоды ўтрымліваецца 36 прадстаўнікоў СМІ.

Падзяліцца: