Кампанія “Дана Холдынгс” пазбегла санкцый ЕС — расследаванне

28 жніўня, Позірк. Зарэгістраваная ў Беларусі і на Кіпры будаўнічая кампанія “Дана Холдынгс” сербскіх бізнесменаў Карычаў змагла пазбегнуць санкцый Еўрасаюза, вынікае з матэрыялу Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ).
Адзначаецца, што замест “структуры, якая валодала будаўнічай бізнэс-імперыяй сям’і Карычаў, вядомых маштабнымі будоўлямі ў Мінску і сувязямі з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі”, пад абмежаванні ЕС трапіла “фірма-клон з рэгістрацыяй у Мінску”.
“Велікабрытанія таксама ўнесла ў свой санкцыйны спіс не кіпрскую Dana Holdings, а яе беларускага клона”, — гаворыцца ў расследаванні.
“Кіпрскі саўладальнік падсанкцыйных беларускіх кампаній сям’і Карычаў працягваў атрымліваць дывідэнды і пасля ўвядзення санкцый. Згодна з фінансавай справаздачай, якую падала ў кіпрскі рэестр кампанія Russeville Limited, у 2021 годзе яна атрымала 1,2 млн еўра дывідэндаў”, — паведамляе БРЦ.
“Напярэдадні санкцый супраць Dana Holdings (якія ў выніку ўвялі супраць беларускага клона), яе ўладальнікі, мабыць, перастрахаваліся і вывелі свае беларускія актывы з гэтай кампаніі. У пачатку снежня 2020 года, за два тыдні да ўвядзення абмежаванняў ЕС, Dana Holdings прадала ўсе пяць сваіх кіпрскіх фірмаў-пракладак, якія валодаюць будаўнічымі праектамі ў Беларусі (Russeville Limited, Triworst Limited, Rodrick Limited, Elaiva Trading Limited і Ozalco Holding Limited). Купіла іх кампанія Enterprise Developments Holding, зарэгістраваная ў ААЭ. Гэтая фірма можа быць падстаўной”, — адзначаюць аўтары расследавання.
У той жа час,“нягледзячы на ўдалую маніпуляцыю з санкцыйным спісам ЕС, перасцярога з вывадам актываў з Dana Holdings апынулася не лішняй”. “У жніўні 2021 года гэтая кіпрская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША”, — удакладняецца ў расследаванні.
“Некалькі дзён таму — 21 жніўня 2025-га — ЗША знялі эканамічныя абмежаванні з Dana Holdings. За два месяцы да гэтага, 20 чэрвеня, кампанію ліквідавалі. Гэта магло стаць прычынай для выключэння яе з санкцыйнага спісу”, — прыводзіць БРЦ каментарый брытанскага адваката, кіраўніка праекта State Capture Accountability Project Алекса Прэзанці.
“Дана Холдынгс” была зарэгістраваная Мінгарвыканкамам 23 кастрычніка 2007 года, на Кіпры — 20 лютага 2013 года.
Санкцыі супраць “Дана Холдынгс” былі ўведзеныя адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Джо Байдэна 9 жніўня 2021 года, у першую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх (80% на карысць Аляксандра Лукашэнкі) сталі прычынай масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі і гвалту з боку сілавых структур, кінутых на абарону рэжыму.
У абгрунтаванні санкцый супраць “Дана Холдынгс“, апублікаваным пад загалоўкам “Будаўнічы гаманец Лукашэнкі: будаўнічая імперыя Карычаў“ гаварылася, што ў Беларусі яна атрымала “шматлікія надзвычайныя прывілеі, у тым ліку перадачу ўчасткаў дзяржаўнай зямлі ў Мінску ў дар прэзідэнцкімі ўказамі, падпісанымі Лукашэнкам“, “шчодрыя падатковыя льготы або поўная адмена падаткаў, выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў для інфраструктурных работ”.
Адзначалася, што сям’я Карычаў блізкая да Лукашэнкі і стала вядомай дзякуючы фінансаванню рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Сербіі ў 1990 гадах.
У абгрунтаванні санкцый выказвалася таксама здагадка, што кампанія прапанавала супрацоўнікам выходны за ўдзел у пралукашэнкаўскім мітынгу пасля 9 жніўня 2020 года, а сам Лукашэнка публічна хваліў праекты кампаніі.
Зарэгістраваная ў Мінску будаўнічая кампанія Dana Holdins (“Дана Холдынгс/Дана Астра”) кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сербскімі бізнесменамі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны спіс ЕС.
Восенню 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.
17 снежня 2020 года Савет ЕС унёс кампанію ў санкцыйны спіс. Пазней яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый.
У сакавіку 2023 года Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны спіс Японіі.
Летась 28 чэрвеня Еўрапейскі суд у Люксембургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэннем, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.
6 лістапада 2024 года суд агульнай юрысдыкцыі ЕС (Еўрапейскі суд) адхіліў скаргу Багалюба Карыча на ўведзеныя супраць яго Еўрасаюзам санкцыі.
У лютым 2025 года Высокі суд Англіі і Уэльса, а ў сакавіку — Еўрапейскі суд адмовіліся здымаць санкцыі з “Дана Астра”.
“Дана Холдынгс / Дана Астра” — адзін з асноўных дэвелопераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнес-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае ў кампаніі высокую пасаду. Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду з рэжыму [Лукашэнкі] і падтрымлівае яго”, — гаварылася ў заключэнні суда.
Заслухоўваючы 29 снежня 2023 года справаздачу старшыні Менгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з нагоды будаўніцтва жылля ў сталіцы, Лукашэнка звярнуў увагу на скаргі на адрас “Дана Астра“ (падраздзяленне “Дана Холдынгс“) і даручыў “разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца“.
“Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць як трэба. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі”, — сказаў ён.
16 лістапада 2024 года паведамлялася аб затрыманні дырэктара кампаніі “Дана Астра“ Святланы Шчоткі і яе намесніка Паўла Аўчарова. Затрымлівалі таксама іншых менеджараў кампаніі — Мілана Ракачавіча, Ненада Сімановіча, Вібара Муліча. Пазней Ракачавіча і Муліча вызвалілі.
Затрыманні маглі быць звязаныя з вынікамі праверкі, праведзенай у кампаніі Камітэтам дзяржкантролю.

- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваБольш за 80 устаноў адукацыі патрабуюць мадэрнізацыі сістэм пажарнай бяспекі — МНСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваПраблему недахопу кадраў Мінадукацыі вырашае павышэннем нагрузкі на настаўнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- ЭканомікаЗа год колькасць рынкаў у Беларусі зменшылася на 3,1%, гандлёвых цэнтраў стала больш на 2,4%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваКупалаўскі тэатр збіраецца праводзіць майстар-класы для гледачоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+