Мінск 14:09

Чарговая вытворчасць самагона ліквідаваная ў Свіслацкім раёне — МУС

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

28 жніўня, Позірк. Аб ліквідацыі ў Свіслацкім раёне нелегальнай вытворчасці самагона паведамляе тэлеграм-канал УУС Гродзенскай вобласці.

Самагонаварэннем займаўся 61-гадовы мясцовы жыхар, у якога “падчас праведзеных мерапрыемстваў” канфіскавана 12,5 літраў гатовай прадукцыі і 225 літраў самагоннай брагі.

Акрамя таго, у мужчыны “дэмантаваны і канфіскаваны самагонны апарат”.

“Узоры спіртазмяшчальнай вадкасці накіраваныя на экспертызу, паводле вынікаў якой дзеянням парушальніка будзе дадзеная прававая ацэнка ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міліцыя зноў нагадала, што за “выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напояў” прадугледжаная адказнасць “у выглядзе папярэджання або штрафу да пяці базавых адзінак (210 рублёў) з канфіскацыяй прадукцыі, паўфабрыката і апарата”. Пры паўторным парушэнні памер штрафу павялічваецца да 30 б.в. (1.260 рублёў) з канфіскацыяй.

24 жніўня паведамлялася аб ліквідацыі ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць)”нелегальнага завода па вытворчасці самагону ў прамысловых маштабах”.

МУС адзначала, што вытворчасць была выяўленая “пры сілавой падтрымцы байцоў АМАПу”.

Паводле слоў прадстаўніка рэгіянальнага УБЭЗ МУС Вячаслава Парганаева, нелегальны бізнес арганізаваў 61-гадовы мясцовы жыхар, які “ў кампаньёны ўзяў сваіх траіх сыноў і дваіх знаёмых”.

Паведамлялася аб выяўленні ў гаспадарчых пабудовах самагоннага апарата, ёмістасцяў з брагай аб’ёмам звыш 25 тыс. літраў, 12,5 тоны мукі, 400 л гатовай прадукцыі.

Падзяліцца: