Мінск 16:48

Страты Белкаапсаюза перавысілі 11 млн долараў

Фота: officelife.media

26 жніўня, Позірк. Заробкі кіраўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюза) вышэйшыя, чым у большасці міністраў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба, кіраўніцтва Белкаапсаюза атрымлівае ў 1,5 раза больш, чым міністры ЖКГ і эканомікі, у 1,3 раза — чым міністр будаўніцтва, у 1,2 раза — чым міністр прамысловасці.

Канкрэтных лічбаў ён не назваў.

Лукашэнка звярнуў увагу, што Белкаапсаюзу неаднаразова выдзялялася дзяржаўная падтрымка, у прыватнасці, на паліва для аўталавак сёлета выдзелена 1,3 млн рублёў.

“Калі вы і далей плануеце так арганізоўваць гандаль Белкаапсаюза, гэта вам будзе сур’ёзны мінус. Мы што, паліва павінны для гандлю закупляць? Гэтых “цудаў” яшчэ не было. <…> Калі мы будзем ім дапамагаць, іх ад гэтай “соскі” не адарвеш. Навошта ім працаваць? Добра жывуць”, — раскрытыкаваў арганізацыю прамоўца.

Лукашэнка адзначыў таксама скарачэнне гандлёвых аб’ектаў Белкаапсаюза на вёсцы: год таму іх доля ў агульным аб’ёме такіх аб’ектаў складала амаль 25%, цяпер — каля 23%. “Такімі тэмпамі вы страціце ўсю сваю гандлёвую сетку, у якой пакуль яшчэ можаце збываць прадукцыю, якая вырабляецца вамі”, — папярэдзіў ён.

На нарадзе была адзначана “адсутнасць станоўчых зрухаў у фінансавых патоках ад гандлёвай дзейнасці Белкаапсаюза”, страты арганізацыі дасягнулі 33 млн рублёў (каля 11,1 млн долараў).

У кастрычніку мінулага года Саўмін распарадзіўся даць у 2024–2026 гадах “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку” гарантыі ў пагашэнні асноўнага доўгу па крэдытах, якія выдаюцца на тэрмін да аднаго года арганізацыям Белкаапсаюза.

Крэдыты пойдуць на разлікі арганізацый з беларускімі таваравытворцамі, створанымі імі ўнітарнымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад холдынгаў з удзелам дзяржавы.

19 сакавіка 2024-га Раман Галоўчанка, які займаў тады пасаду прэм’ер-міністра, на нарадзе аб мерах падтрымкі спажыўкааперацыі, заявіў, што “сітуацыя ў Белкаапсаюзе досыць складаная, усе віды дзейнасці, што ажыццяўляецца, акрамя нарыхтоўчай і вытворчасці, стратныя”.

Белкаапсаюз — гэта “ўнікальная структура, і страціць яе нельга”, заявіў 16 лютага 2024 года Лукашэнка на агульным сходзе арганізацыі. Паведамлялася, што ён зрабіў акцэнт на аўтакрамах.

Структура атрымлівае падтрымку дзяржавы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Пры гэтым у арганізацыі прызнавалі, што прадаўцы, якія працуюць у ёй — пераважна пенсійнага ўзросту, што абцяжарвае ўкараненне аўтаматызацыі працэсаў гандлю.

Падзяліцца: