Мінск 13:39

За сем месяцаў 2025 года на мяжы Украіны затрымана 911 грамадзян прызыўнога ўзросту, якія спрабавалі бегчы ў Беларусь — СМІ

26 жніўня, Позірк. За сем месяцаў 2025 года на мяжы Украіны затрымана 911 грамадзян прызыўнога ўзросту (ад 18 да 60 гадоў), якія спрабавалі бегчы ў Беларусь, паведамляе “Слідство.Інфо ” са спасылкай на даныя, атрыманыя з Дзяржаўнай памежнай службы Украіны ў адказ на адпаведны запыт.

Гэта ў 2,1 раза больш, чым колькасць грамадзян, затрыманых на мяжы з Беларуссю за папярэднія тры гады поўнамаштабнай вайны (423). У 2022 годзе быў затрыманы 61 чалавек, у 2023-м — 26, у 2024-м — 336.

З 1.334 грамадзян, затрыманых пры спробе бегчы ў Беларусь, найбольшая колькасць выбралі шлях праз Ровенскую вобласць (531). Праз Жытомірскую вобласць пралягаў шлях у 484 мужчын, праз Валынскую — у 281, праз Кіеўскую — у 38.

У 2022 годзе парушальнікі ўкраінска-беларускай мяжы, якая закрытая з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, затрымліваліся толькі ў Валынскай вобласці, у 2023-м — у Валынскай і Ровенскай, у 2024-м і 2025-м — ва ўсіх чатырох згаданых.

Мяркуючы па адказе Дзяржпамежслужбы, не было затрыманых толькі ў Чарнігаўскай вобласці, якая таксама мяжуе з Беларуссю.

Гл. таксама па тэме матэрыял “Позірку“:

Прахадны двор. Як украінскія ўхілісты пратаранілі водна-балотны шлях у Еўропу праз Беларусь

Падзяліцца: