Мінск 17:52

ЕАБР: Рост ВУП Беларусі забяспечваюць сектары, арыентаваныя на ўнутраны попыт

25 жніўня, Позірк. Рост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі “фарміруюць сектары, арыентаваны на ўнутраны попыт”, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

У пацверджанне свайго тэзіса аналітыкі адзначаюць, што рознічны тавараабарот у студзені — ліпені павялічыўся на 8,6% (тут і далей у гадавым вымярэнні), тавараабарот грамадскага харчавання — на 5,1%. Устойлівы рост захоўваецца ў будаўніцтве і інвестыцыях (9,9% і 13,6% адпаведна).

Эксперты звяртаюць увагу, што рост ВУП запаволіўся да 1,3% у студзені — ліпені пасля 2,1% за першае паўгоддзе.

“Негатыўны ўплыў на дынаміку ВУП аказала зніжэнне выпуску прамысловасці на 0,3% за студзень — ліпень на фоне скарачэння аб’ёмаў экспарту і росту запасаў гатовай прадукцыі. Таксама на 12,7% знізіўся выпуск у сельскай гаспадарцы, што звязана з больш познімі тэрмінамі ўборкі ўраджаю”, — гаворыцца ў аглядзе.

У студзені 2025 года ВУП быў на ўзроўні 3,7% (20,5 млрд рублёў), студзені — лютым — 3,1% (38,7 млрд), студзені — сакавіку — 3,1% (59,4 млрд), студзені — красавіку — 2,8% (81,4 млрд), студзені — траўні — 2,5% (101,4 млрд), студзені — чэрвені — 2,1% (129 млрд).

Эканоміка Беларусі будзе павольна “астываць” у сярэднетэрміновай перспектыве пры адсутнасці моцных знешніх шокаў, гаворыцца ў прагнозе даследчага цэнтра BEROC па выніках першай паловы 2025 года. Прэзентацыя аналізу прайшла 12 жніўня.

На думку экспертаў, вяртанне да раўнаважнага стану “чакаецца працяглым”, бо ўзровень перагрэву ў другім квартале 2025 года “заставаўся паблізу рэкордных значэнняў з 2014 года, а агулам няжкая эканамічная палітыка прадоўжыць падтрымліваць высокі ўзровень унутранага попыту”.

“Рост ВУП прагназуецца паблізу 2% у 2025 годзе з наступным запаволеннем да 0–1,5% у 2026-м”, — прагназуе BEROC.

Згодна з зацверджанымі Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

Зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназуе Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным 16 красавіка.

24 чэрвеня аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў макраэканамічным прагнозе на 2025–2027 гады адзначылі, што чакаюць рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 3%.

Міжнародны валютны фонд у красавіцкім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025-м на 2,8%.

12 чэрвеня Сусветны банк выдаў прагноз, паводле якога беларуская эканоміка ў 2025 годзе вырасце на 2,2%.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае росту ВУП на 2,5%.

У студзені 2024 года ВУП Беларусі складаў 2,8%, студзені — лютым — 4 працэнты, студзені — сакавіку — 4,1 працэнта, студзені — красавіку — 5,1%, студзені — траўні — 5,2%, студзені — чэрвені — 5%, студзені — ліпені — 5,5%, студзені — жніўні — 4,9%, студзені — верасні — 4,5%, студзені — кастрычніку — 4,2%, студзені — лістападзе — 3,9%, студзені — снежні — 4%.

Падзяліцца: