ДФР КДК заявіў аб выяўленні ў першым паўгоддзі 328 цяжкіх і асабліва цяжкіх эканамічных злачынстваў

21 жніўня, Позірк. 546 злачынстваў, у тым ліку 328 цяжкіх і асабліва цяжкіх, выявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў першай палове 2025 года. Такія лічбы прагучалі на пасяджэнні калегіі ведамства 21 жніўня.
Гэтага ўдалося дамагчыся, як адзначае прэс-служба КДК, дзякуючы рэалізацыі “комплексу мер па прафілактыцы, выяўленні і спыненні злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў у эканамічнай сферы, уключаючы маштабныя супрацьпраўныя схемы ўхілення суб’ектаў гаспадарання ад выплаты падаткаў”.
Акрамя таго, ДФР выяўляў схемы “крадзяжу з карупцыйнымі праявамі, а таксама схемы закупак дзяржаўнымі (з доляй дзяржавы) прадпрыемствамі тавараў у камерцыйных арганізацый-пасярэднікаў“.
Па гэтых фактах у першым паўгоддзі накіраваны 431 інфармацыйна-аналітычны матэрыял праваахоўным і кантралюючым органам.
Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, пратэрмінаваная запазычанасць арганізацый у плане падаткаў, збораў, сацыяльнага страхавання і забеспячэння на 1 траўня 2025 года складала 108 млн 683 тыс.рублёў (на аналагічную дату 2024-га — 87 млн 737 тыс.; +23,9%).
Падатковыя органы актыўна выкарыстоўваюць камеральны кантроль, заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч на прэс-канферэнцыі 12 чэрвеня.
“У яго рамках мы накіроўваем адпаведныя паведамленні плацельшчыкам аб ліквідацыі памылак пры складанні падатковых дэкларацый. За студзень — красавік бягучага года падатковымі органамі камеральнага кантролю было накіравана амаль 7,3 тыс. апавяшчэнняў на суму 144,7 млн рублёў. Гэтая праца будзе працягнутая”, — адзначыў чыноўнік.
Аднак, падкрэсліў ён, не ўсе плацельшчыкі згаджаюцца добраахвотна выправіць сітуацыю.
Паводле звестак намесніка міністра, за чатыры месяцы ў дачыненні да дзеючых плацельшчыкаў было праведзена 214 праверак, па выніках якіх прад’яўлена да даплаты 92,3 млн рублёў. Разам з тым, у дачыненні да плацельшчыкаў, якія заявіліся на ліквідацыю, — 510 (82,4 млн).
За першую траціну года падатковымі органамі ініцыявана больш за 15 тыс. адміністрацыйных працэсаў па нявыплаце падаткаў, у выніку чаго было накладзена штрафаў на суму больш за 7 млн рублёў, удакладніў чыноўнік.
Раней паведамлялася, што колькасць грамадзян, асуджаных паводле абвінавачання ў злачынствах супраць “парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці“, за апошнія пяць гадоў павялічылася на 70% (з 303 у 2019 годзе да 515 у 2024-м).
Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам звестак Белстата, кожны пяты (20,6%) фігурант быў прызнаны вінаватым за “ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў“ — 106 (155; -31,6%).
У адпаведнасці з рэспубліканскім бюджэтам на 2025 год даходы ад падаткаў, збораў (пошлін) і іншыя падатковых даходаў запланаваныя ў памеры 379 млн 597 тыс. 665 рублёў.

- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ Беларусі няма адрозненняў у зарплаце ў залежнасці ад полу работніка, сцвярджае Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаПадчас перапісу насельніцтва-2029 Белстат плануе выкарыстоўваць штучны інтэлект (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка