Мінск 20:46

Пракуратура Любліна: Высокая верагоднасць, што дрон, які выбухнуў, прыляцеў з Беларусі (дапоўнена)

Ілюстратыўнае фота: Deutsche Welle

21 жніўня, Позірк. “Існуе вельмі высокая верагоднасць, але гэта будзе пацверджана ў ходзе далейшага расследавання, што аб’ект прыляцеў з Беларусі”, — заявіў акруговы пракурор Любліна Гжэгаж Трусевіч 21 жніўня ў кантэксце расследаванне па факце падзення і выбуху лятальнага аб’екта ў в. Асіны (Люблінскае ваяводства) (цытата паводле TVN24).

Інцыдэнт адбыўся напярэдадні.

Удалося аднавіць тры лініі электраперадачы, на якіх бачныя сляды нядаўніх пашкоджанняў, сказаў ён: “Мы падазраем, што яны могуць быць звязаны з расследуемым інцыдэнтам”.

Паводле слоў пракурора, напярэдадні былі дапытаны сведкі, “якія паказалі, што бачылі і чулі аб’ект, які ляціць”.

Тэрыторыя, дзе быў знойдзены БПЛА ачэпленая, яна аглядаецца на прадмет наяўнасці выбуховых рэчываў.

Зона пошуку 21 жніўня будзе пашырана яшчэ на адзін участак, дадаў спікер.

Па дадзеных польскіх СМІ, 20 жніўня ўвечары ў Асінах на кукурузнае поле ўпаў лятальны аб’ект. Мясцовыя жыхары паведамілі, што чулі выбух. Пацярпелых няма.

Віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што гэта быў расейскі беспілотнік. Ён назваў гэта “чарговай расійскай правакацыяй”.

Пракуратура 20 жніўня заявіла, што пакуль не змагла ўстанавіць вытворцу або канкрэтны тып прылады. Акрамя таго, на знойдзеных фрагментах былі надпісы, верагодна, на карэйскай мове.

Падзяліцца: