Мінск 05:02

Рэжым усё глыбей уцягвае Беларусь у вайну — Ціханоўская пра візіт прэзідэнта Ірана

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

20 жніўня, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “ўсё глыбей уцягвае Беларусь у вайну”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы візіт у Мінск прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна.

“Прапаганда прэзентуе гэта як “новыя гарызонты” і “сяброўства народаў”, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале. — Лукашэнка адкрыта заявіў, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з Іранам “па любых пытаннях”. Але няма ніякага выразнага разумення, у якіх рамках гэта супрацоўніцтва будзе працаваць. Відавочна адно: рэжым усё глыбей уцягвае Беларусь у вайну”.

На яе думку, іранскі сцэнар для Беларусі — гэта жыццё пад пастаяннымі санкцыямі, ізаляцыя, забарона на палёты і міжнародныя банкаўскія карткі, пагроза ядзернай зброі.

Дэмлідар нагадала, што ЗША нядаўна наносілі ўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах: “Гэта дакладна не шлях, які адпавядае бачанню беларусаў. Кірунак, па якім Лукашэнка вядзе краіну, — гэта пастка”.

Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь павінна быць “адкрытай, сучаснай і бяспечнай: без вайны, ядзернай зброі і ізаляцыі”.

Візіт прэзідэнта Ірана праходзіць на фоне адкрытых кантактаў Лукашэнкі з уладамі Злучаных Штатаў Амерыкі і адначасова напружанасці паміж ЗША і Іранам.

12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоваў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода“), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек (паводле іншых звестак 16), пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

На наступны дзень пасля сустрэчы Келага і Лукашэнкі ЗША, выступаючы на баку Ізраіля ў канфлікце з Тэгеранам, ударылі па іранскіх ядзерных аб’ектах у Форда, Натанзе і Ісфахане. У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ.

Мінск спачатку адрэагаваў на абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе даволі стрымана — 22 чэрвеня Міністэрства замежных спраў выказала “крайнюю занепакоенасць” дзеяннямі Вашынгтона.

Паралельна ў той жа дзень на дзяржаўным тэлебачанні выйшла інтэрв’ю са старшынёй КДБ Іванам Церцелем, які сярод іншага заявіў, што Мінск і Вашынгтон “знаходзяцца ў кантакце па многіх пытаннях, <…> абмеркаванне якіх здольна прывесці да вырашэння праблем у многіх рэгіёнах, напэўна, свету і, у прыватнасці, <…> у Рэспубліцы Беларусь“. Паводле яго сцвярджэння, візіт Келага быў не спантанным: “Гэта сістэмная праца, якая праводзіцца ўжо на працягу года, а можа, і больш”.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня Лукашэнка, каментуючы прычыны, з якіх Пезешкіян не змог прысутнічаць на саміце, выступіў у падтрымку Тэгерана, адзначыўшы, што “нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана <…> самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права“. Пры гэтым ён прама не назваў краіны, якія ўдарылі па іранскай ядзернай інфраструктуры.

На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці (3 ліпеня), які адбыўся 1 ліпеня, Лукашэнка зноў асудзіў удары па Іране, а таксама заявіў, што не схільны давяраць Захаду, пра што, па яго сцвярджэнні, казаў на сустрэчы з Келагам.

Паводле інфармацыі МЗС, 9 ліпеня ў Тэгеране амбасадар Беларусі Дзмітрый Кальцоў абмяняўся са спікерам парламента Махамадам Багерам Галібафам думкамі па “найбольш важных пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднай праблематыкі”. Бакі абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы развіцця “парламенцкага вымярэння“ ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, дамовіліся і далей актыўна развіваць “дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва“.

20-24 ліпеня Беларусь наведалі члены рабочай групы сходу ісламскага савета (парламента) Ірана па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Беларусі.

15 жніўня — перад сустрэчай з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Алясцы — прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з Лукашэнкам. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы TruthSocial амерыканскі палітык назваў “выдатнай” гутарку з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”.

Паводле слоў Трампа, ён пагаварыў з Лукашэнкам у тым ліку для таго, каб выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных“: “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта Пуціна на Аляску”.

Пазней Лукашэнка патэлефанаваў намеснік Келага Джон Коўл.

Падзяліцца: