Размова прэзідэнта ЗША Трампа і дыктатара Лукашэнкі стала магчымай у сувязі з зрухамі геапалітычнага характару — Латушка

15 жніўня, Позірк. “Тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Трампа і дыктатара Лукашэнкі стала магчымай у сувязі з зрухамі геапалітычнага характару: маючымі адбыцца перамовамі на Алясцы паміж кіраўніком Крамля і прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі ў пытанні вайны і міру ва Украіне“. Такое меркаванне ў каментары “Позірку“ выказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
“Мы неаднаразова прагназавалі, што Лукашэнка разам з кіраўніком Крамля [Уладзімірам Пуціным] робяць актыўныя намаганні, накіраваныя на тое, каб перамовы аб замірэнні ва Украіне адбыліся ў Мінску, каб адбыўся “Мінск-3“ (т.зв. “Мінск-1“ быў у 2014 годзе, “Мінск-2“ — у 2015-м. — “Позірк“.), — адзначыў Латушка.
“Мы разумеем, — працягнуў ён, — чаму выгадна правядзенне “Мінска-3” для Лукашэнкі. Ён такім чынам спрабуе аднавіць сваю суб’ектнасць і атрымаць прызнанне. Па-другое, ён такім чынам будзе спрабаваць пазбегнуць адказнасці за ўчыненыя злачынствы агрэсіі, за ваенныя злачынствы, звязаныя з вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, і за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў дачыненні да беларускага народа“.
Паводле слоў Латушкі, дэмакратычныя сілы “з маральнага пункту гледжання“ не могуць вітаць “тое, што прэзідэнт ЗША звяртаецца да Лукашэнкі як прэзідэнта”.
Як лічыць намеснік кіраўніцы АПК, правядзенне ў Мінску наступнага раўнда перамоваў выгадна і Крамлю, “бо тэрыторыя Беларусі разглядаецца Расійскай Федэрацыяй практычна як свая”. “Там знаходзяцца расійскія ўзброеныя сілы, стаіць расійская супрацьпаветраная абарона, якая забяспечыць бяспеку кіраўніка Крамля падчас патэнцыйных перамоваў. Таксама на тэрыторыі Беларусі не дзейнічае ордэр Міжнароднага крымінальнага суда, што адпавядае і інтарэсам Уладзіміра Пуціна“, — патлумачыў сваю пазіцыю Латушка.
На ягоную думку, Пуцін і Лукашэнка хочуць зняважыць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, “прымусіўшы яго праз кантакты з прэзідэнтам ЗША прыехаць у Беларусь, якая разглядаецца Украінай як краіна-агрэсар“.
“Разам з тым мы павінны не забываць, што ніякія перамовы ў Мінску не перашкодзілі Пуціну пачаць поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны ў 2022 годзе. Усе перагаворныя пляцоўкі ў Мінску, у тым ліку па Нагорным Карабаху і Украіне, былі правальнымі“, — падкрэсліў суразмоўца.
Ён адзначыў, што яшчэ ў студзені гэтага года АПК перадаў амерыканскаму боку сваю пазіцыю: “Калі паўстане пытанне аб правядзенні перамоваў у Мінску, у нас ёсць вельмі выразныя, ясныя ўмовы. Першай умовай з’яўляецца спыненне ўсіх рэпрэсій у Беларусі. Другое: вызваленне ўсіх 1.300 палітычных зняволеных і поўная іх амністыя. Трэцяе: дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі”.
“Мы не можам сабе ўявіць сітуацыю, што ў Мінск прыбудзе прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, а магчыма, і лідары еўрапейскіх краін, калі ў беларускіх турмах знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных, у дачыненні да якіх прымяняюцца катаванні“, — заявіў Латушка.
Ён паведаміў, што 9 жніўня ў Варшаве правёў чарговыя перамовы з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША. “І падчас гэтых перамоваў я якраз даводзіў менавіта гэтую пазыцыю і казаў амэрыканскім партнёрам, што, на мой погляд, дастаткова будзе нават званка дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё Лукашэнку, які будзе ў залежнасці ад разьвіцця перамоваў на Алясцы і хацець, каб амерыканскія санкцыі былі знятыя і з ягонага рэжыму. Я давёў амерыканскаму боку: калі Лукашэнка хоча зняцця амерыканскіх санкцый, ён павінен вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі“, — сказаў намеснік кіраўніцы АПК.
У размове з прадстаўнікамі знешнепалітычнага ведамства ЗША ён таксама падкрэсліў, што “без вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу Беларусь не будзе донарам рэгіянальнай бяспекі“. “Бо тэрыторыя нашай краіны ў перспектыве зноў можа быць выкарыстаная для агрэсіўных дзеянняў Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да ўсіх суседзяў Беларусі“, — адзначыў Латушка.
Ён заклікаў Лукашэнку не забываць, што “найбольш сур’ёзны санкцыйны пакет знаходзіцца ў руках Еўрапейскага саюза і партнёраў ЕС”.
Гл. таксама:
Перед встречей Путина с Трампом на окно возможностей уповают как Лукашенко, так и его оппоненты (на рускай мове)

- ПалітыкаВячорка аб вызваленні палітвязняў: Верым, што будуць добрыя навіны, але гатовыя і да негатыўнага сцэнаруМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваАптымальная колькасць насельніцтва Мінска — 2 млн чалавек, лічаць сталічныя ўлады (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — ліпені сельгасвытворчасць знізілася на 12,7% у гадавым вымярэнні, за той жа леташні перыяд назіраўся значны рост (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі рэзідэнтаў "Вялікага каменя" павялічылася ў 2,4 раза ў параўнанні з першай паловай 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка