Мінск 20:36

Заўсёды рэкамендавалі паведамляць праваабаронцам пра блізкіх, арыштаваных з палітычных матываў — “Вясна” пра згадванне Трампам 1.300 зняволеных у Беларусі

15 жніўня, Позірк. “Мы заўсёды рэкамендавалі родным і блізкім людзей, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам, паведамляць пра гэта праваабаронцам“, — так пракаментавалі “Позірку“ ў праваабарончым цэнтры “Вясна“ інфармацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам ён падзякаваў за вызваленне 16 зняволеных і абмеркаваў вызваленне яшчэ 1.300.

Трамп пазбег словазлучэння “палітычныя зняволеныя”, аднак першая лічба блізкая да колькасці грамадзян (14), вызваленых 21 чэрвеня 2025 года пасля візіту ў Мінск ягонага спецпрадстаўніка ва Украіне Кіта Келага (сярод іх 11 палітвязняў), другая — да колькасці палітвязняў (1.186 паводле спісу “Вясны” і шэрагу іншых праваабарончых арганізацый, 1.315 паводле спісу ініцыятывы Dissident.by на 15 жніўня).

На меркаванне, што спісы на вызваленне ўжо могуць быць складзеныя і прызнанне новых зняволеных палітычнымі — запознены крок, у “Вясне“ заявілі: “У нас няма інфармацыі аб тым, “ці складзеныя спісы“, таму заклікаем людзей у любым выпадку абавязкова паведамляць нам пра іх блізкіх, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычна матываваных справах“.

Падзяліцца: