Мінск 01:27

Варшава не лічыць магчымым аднаўленне дыялогу з Мінскам па пытаннях бяспекі — СМІ

Крыніца: pixabay.com

13 жніўня, Позірк. У сітуацыі, што склалася, Польшча “катэгарычна адхіляе” магчымасць аднаўлення дыялогу з Беларуссю па пытаннях бяспекі і стабілізацыі ў рэгіёне. Такое сцвярджэнне, паводле інфармацыі RMF24, змяшчаецца ў адказе МЗС Польшчы на накіраваную ў чэрвені адпаведную прапанову Міністэрства абароны Беларусі, у якім Мінск нібыта папярэдзіў, што адсутнасць перамоваў можа прывесці да “новай вайны ў Еўропе“, у прыватнасці паміж Беларуссю і Польшчай.

Паводле звестак СМІ, польскае МЗС абгрунтавала свой адказ некалькімі фактарамі.

Адзначаецца, што з тэрыторыі Беларусі і з яе дапамогай ужо чатыры гады праводзяцца “варожыя гібрыдныя аперацыі супраць Польшчы, яскравым прыкладам чаму з’яўляецца сітуацыя на мяжы“.

Таксама ў адказе гаворыцца, што Беларусь падтрымлівае незаконныя дзеянні РФ супраць Украіны і дае сваю тэрыторыю для дзейнасці, якая парушае міжнароднае права, што прывяло да гібелі мірных жыхароў і разбурэння грамадзянскай інфраструктуры.

Паводле інфармацыі RMF24, МЗС звярнуў увагу на тое, што ваеннае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі патрабуе захавання пэўнага мінімуму правілаў у рамках міжнародных адносін для ўмацавання ўзаемнага даверу. “У цяперашняй сітуацыі мы не бачым магчымасці для перамоваў, не кажучы ўжо пра дзеянні ў гэтым кірунку“, — гаворыцца ў адказе знешнепалітычнага ведамства.

Інфармацыя афіцыйна не пацверджаная.

16 ліпеня начальнік дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва-памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Валерый Равенка заявіў, што адказ Польшчы на прапанову Мінска правесці перамовы верыфікацыйных цэнтраў з’яўляецца “фармальным“ і “не мае на ўвазе аднаўленне добрасуседскіх стасункаў“ з Беларуссю.

Паводле яго сцвярджэння, такая рэакцыя “сведчыць аб тым, што Варшава працягвае безумоўна выконваць указанні тых, каму выгадна развязванне новага ваеннага канфлікту ў Еўропе, арэнай якога могуць стаць і Рэспубліка Беларусь, і Рэспубліка Польшча“.

“Толькі ад рашэння ваенна-палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Польшча залежыць, ці ўвойдзе яна ў гісторыю як дзяржава, якая не здолела прадухіліць новую вайну ў Еўропе, ці як краіна, якая скарысталася дыпламатычнымі метадамі для вырашэння наяўных супярэчнасцяў і тым самым зрабіла важкі ўнёсак ва ўмацаванне агульнаеўрапейскай бяспекі“, — сказаў Равенка.

Заяўлялася, што прапанова беларускага боку правесці перамовы “па лініі верыфікацыйных ведамстваў з дапамогай тэлефоннай або відэасувязі“ была накіраваная Варшаве 16 чэрвеня, адказ атрыманы праз месяц.

12 жніўня Рэвенка заявіў на брыфінгу, прысвечаным маючым адбыцца расейска-беларускім вучэнням “Захад-2025“ (пройдуць на тэрыторыі Беларусі 12-16 верасня), што з набліжэннем згаданага мерапрыемства дзеянні заходніх дзяржаў, “у першую чаргу, сумежных краін — чальцоў НАТО“, пачалі набываць “усё больш агрэсіўны характар“: “Адно з такіх мерапрыемстваў — “Жалезны абаронца“, якое пройдзе ў верасні на тэрыторыі Польшчы“.

“Вайскова-палітычным кіраўніцтвам гэтай дзяржавы было заяўлена, што ў гэтай серыі вучэнняў возьмуць удзел больш за 34 тыс. вайскоўцаў і 600 адзінак вайсковай тэхнікі, што ў разы перавышае колькасць удзельнікаў вучэння “Захад-2025“, — сказаў ён.

13 жніўня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў рамках вучэнняў “Захад-2025“ бакі адпрацуюць планаванне прымянення ядзернай зброі і ракетнага комплексу “Ляшчына“.

Улады ў Мінску рэгулярна абвінавачваюць суседнія краіны ЕС у мілітарызацыі і нежаданні супрацоўніцтва з Беларуссю. Польшча і краіны Балтыі неаднаразова заяўлялі, што ўмацаванне межаў звязана з асцярогамі распаўсюджвання на іх тэрыторыю ваенных дзеянняў, якія Расія працягвае ва Украіне пры падтрымцы Мінска з лютага 2022 года.

Падзяліцца: