Мінск 01:33

Адвакацкай ліцэнзіі пазбаўленая абаронца палітвязняў Дзядка і Кнігі

Ілюстрацыя: Gabrielle Henderson / unsplash.com

13 жніўня, Позірк. Адвакат Святлана Гарбаток пазбаўленая ліцэнзіі па выніках праведзенай атэстацыі, паведаміла “Медыязона” са спасылкай на інфармацыю Міністэрства юстыцыі.

Адзначаецца, што Гарбаток з’яўлялася, у прыватнасці, абаронцай палітвязняў: анархіста Мікалая Дзядка (павінен быў выйсці на волю сёлета ў красавіку, аднак у дачыненні да яго была ўзбуджаная новая крымінальная справа) і Уладзіміра Кнігі, асуджанага па “справе Ціханоўскага“ і пераведзенага на рэжым інкамунікада (інфармацыйнай блакады).

Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА) Аляксей Швакаў на пасяджэнні савета БРКА, якое адбылося 26 лютага 2025 года ў Мінску, заявіў, што колькасць адвакатаў у краіне ў 2024 годзе павялічылася на пяць.

На сёння ў краіне 1.605 адвакатаў, сказаў ён, юрыдычных кансультацый, у якіх яны адсутнічаюць, “не маецца“.

Ён таксама адзначыў, што ў 2024 годзе калегіяй “праведзена праверка ведаў і гатоўнасць да здачы кваліфікацыйнага экзамену 135 прэтэндэнтаў на атрыманне адвакацкай ліцэнзіі“.

“Калі ў 2023 годзе паспяхова здалі экзамен 52 прэтэндэнты, што склала 63% ад тых, хто здаваў кваліфікацыйны экзамен, то ў 2024 годзе паспяхова здало кваліфікацыйны экзамен 73 чалавекі, што склала 78%“, — сказаў старшыня арганізацыі.

Колькасць пазбаўленых адвакацкай ліцэнзіі не называлася.

Паводле слоў міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі, колькасць абгрунтаваных скаргаў на працу адвакатаў знізілася за год на 12%.

Пра тое, што ў Беларусі засталося 1,6 тыс. практыкуючых адвакатаў, сведчылі апублікаваныя сёлета ў студзені даныя міжнароднай абсерваторыі “Юрысты ў небяспецы“ (OIAD).

Арганізацыя адзначала, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавала 2,2 тыс. адвакатаў. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасць скарацілася больш чым на 27%.

Паводле яе звестак, у 2020-2024 гадах прынамсі 11 беларускім адвакатам выставілі абвінавачванні ў рамках крымінальных спраў, 6 адвакатаў знаходзяцца за кратамі, 4 “зазналі катаванні падчас затрымання“, не менш за 139 пазбаўленыя права на прафесію.

Актыўны пераслед уладамі прадстаўнікоў адвакатуры пачаўся пасля падзей 2020 года. Перыядычна іх пазбаўляюць ліцэнзій, шэраг спецыялістаў вымушана выехаў з краіны.

Пры гэтым узмоцнены кантроль дзяржавы над інстытутам адвакатуры, які дэ-факта ўжо не з’яўляецца незалежным.

Падзяліцца: