Латушка заклікаў дэмсілы да яднання ў барацьбе з Лукашэнкам, параіўшы “адысці з дыстанцыі” прыхільнікам “згодніцкай пазіцыі”

10 жніўня, Позірк. Беларусам “варта ўсвядоміць”, што Аляксандр Лукашэнка “ўсімі праўдамі і няпраўдамі, выкарыстоўваючы магутнейшы апарат сілы, рэпрэсіі, выведку, спрабуе знішчыць альтэрнатыву”, заявіў 10 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.
Паводле яго слоў, “у гэтым яму дапамагае Расійская Федэрацыя”.
“Лукашэнка намагаецца знішчыць альтэрнатыву, якую абралі беларусы — у асобе абранай прэзідэнткі [Святланы Ціханоўскай], Аб’яднанага пераходнага кабінета, абранай Каардынацыйнай рады, шматлікіх ініцыятыў і арганізацый, створаных беларускім грамадствам”, — сказаў палітык.
“Гэтая альтэрнатыва — косцю ў горле рэжыму, — дадаў ён. — Гэтую косць ён хоча вырваць, бо мы перашкаджаем яго планам, якія ён рэалізоўваў на працягу 31 года. А у чым яго план сёння? Яго план мы бачым на працягу гэтых пяці гадоў. Пасадзіць у турмы нязгодных, выкінуць з краіны тых, каго не ў стане пасадзіць, пазбавіць правоў тых, хто працягвае жыць у краіне”.
Знішчаючы грамадскую ініцыятыву, Лукашэнка, паводле слоў Латушкі, “хоча дамовіцца з ЗША, Еўропай, якія б закрылі вочы і забыліся пра яго злачынствы”. “Так было не раз на працягу дзесяцігоддзяў. Але пакуль ёсць наш грамадскі рух, дэмакратычныя інстытуты і грамадзянскія ініцыятывы, у яго гэта не атрымаецца”, — падкрэсліў кіраўнік НАУ.
“Мы часам маем адчуванне, што голас тых, хто выступае за згоду з Лукашэнкам, за тое, каб папрасіць яго ласкі, гучыць гучней за наш голас. Голас тых, хто працягвае змагацца, — сказаў палітык. — Да мяне часта ў розных гарадах Еўропы падыходзяць людзі, якія прыязджаюць з Беларусі і падтрымліваюць. І гэта вельмі важна. Яны падыходзяць выпадкова, іх ніхто не прымушае, ніхто не арганізоўвае. Мы бачылі ўчорашнюю сацыялогію, якая адназначна кажа аб тым, што дух і воля ў людзей захаваліся”.
Але “праблема ў тым”, адзначыў Латушка, тыя, хто “атакуе” мэйнстрымны дэмакратычны рух, робяць гэта “усё больш гучна, больш адкрыта, дэманструючы згодніцкую пазіціыю з рэжымам Лукашэнкі”.
“Яны могуць гэта рабіць [адкрыта], таму што рэжым іх за гэта не пакарае. А нашы прыхільнікі часта з-за пагрозы быць пакаранымі, на жаль, могуць сказаць нам гэта толькі ў вочы альбо на закрытых сустрэчах”, — удакладніў ён.
“І вось тут атрымліваецца гэты інформацыйны дысбаланс. І мне важна, каб мы ўсе, хто працуе ў палітычным, грамадскім, медыйным жыцці, зразумелі, што гэта вонкавы дысбаланс, нерэлевантны. Мы чуем асобныя галасы: нам трэба самараспусціцца, разысціся… Уявіце сабе, мы разыдземся па розных кватэрах. Тады ўзнікае пытанне: дзе мы будзем прасоўваць аб’яднаную пазіцыю?” — заявіў палітык.
На яго думку, калі рэжыму ўдасца знішчыць дэмакратычныя інстытуты — калі “не будзе прэзідэнта-электа, не будзе кабінета, не будзе Каардынацыйнай рады, не будзе BelPol, “Сумленных людзей”, “народных амбасадаў”, “Кіберпартызан”, BySol і шмат шмат іншых арганізацый” — “будзе дасягнута мэта, якая абсалютна адпавядае толькі і выключна інтарэсам <…> дыктатара Лукашэнкі”. “У яго будзе чыстае поле для камунікацыі [з Захадам], для паўтарэння таго, што ён рабіў дзесяцігоддзямі”, — дадаў Латушка.
“Мы чуем некаторыя галасы, што нашы мэты занадта амбіцыйныя, што яны недасягальныя, што трэба знізіць свае чаканні і ледзь не прызнаць паразу. Сур’езна? Я хачу адказаць на падобныя тэзісы адзін раз і больш не вяртацца. Хто прайграў свой бой, хто адмовіўся ад сваіх мэтаў, хто сам сабе панізіў планку, выбывае. Марафон не для ўсіх. Ваша права адысці з дыстанцыі. Але не спрабуйце тармазіць і спыняць астатніх”, — падкрэсліў ён.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатушка заклікаў дэмсілы да яднання ў барацьбе з Лукашэнкам, параіўшы “адысці з дыстанцыі” прыхільнікам “згодніцкай пазіцыі” (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС у першы тыдзень жніўня вырасла амаль на траціну ў параўнанні з першым тыднем ліпеня (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка