Мінск 21:17

Пасля прэтэнзій РПЦ Беларуская праваслаўная царква вярнула ў назву згадку аб прыналежнасці да Маскоўскага патрыярхату

Ілюстрацыйнае фота: sb.by

8 жніўня, Позірк. Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) адрэагавала на прэтэнзіі Сінода Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) і вярнула ў сваю назву на афіцыйным партале згадку аб прыналежнасці да Маскоўскага патрыярхату, паведамляе ініцыятыва “Хрысціянская візія”.

Цяпер назва гучыць так: Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату (Беларуская праваслаўная царква).

Як паказаў аналіз “Позірку”, аналагічныя карэктывы зробленыя таксама на сайтах асобных епархій БПЦ: Мінскай, Бабруйскай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Лідскай, Магілёўскай і Мсціслаўскай, Навагрудскай, Пінскай і Лунінецкай, Слуцкай і Тураўскай.

Пакуль не выканалі патрабаванні Сінода РПЦ Брэсцкая, Маладзечанская, Полацкая епархіі. Сайт Барысаўскай епархіі ў цяперашні час недаступны.

Раней паведамлялася, што Сінод РПЦ на пасяджэнні 24 ліпеня прыняў рашэнне “нагадаць” БПЦ, што “афіцыйныя назвы” Беларускага экзархата, а таксама яго “кананічных структур — епархій, прыходаў, манастыроў, падворкаў і іншых” павінны ўтрымліваць словазлучэнні “Руская праваслаўная царква” або “Маскоўскі патрыярхат”.

Сінод пастанавіў, што ў выпадку адсутнасці згаданых словазлучэнняў у назвах БПЦ і яе кананічных структур, “такія назвы варта прывесці ў адпаведнасць з гэтым азначэннем”.

20 верасня 2024 года стала вядома, што Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы, які мае юрыдычную назву “Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне “Беларуская праваслаўная царква”, першым прайшоў перарэгістрацыю, прадугледжаную законам “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” ад 30 снежня 2023 года.

Падзяліцца: