Мінск 21:19

Астапенка: Мы знаходзімся на першапачатковым шляху развіцця кантактаў з адміністрацыяй Трампа

Фота: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве знаходзіцца “на першапачатковым шляху ўстанаўлення кантактаў і іх развіцця” з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіў яго кіраўнік Уладзімір Астапенка падчас слуханняў аб дзейнасці Кабінета ў Каардынацыйнай радзе 7 жніўня ў Варшаве.

“Змена ўлады ў ЗША паўплывала на інтэнсіўнасць кантактаў. Але гэта таксама было чакана і аб’ектыўна”, — сказаў ён.

“Мы чулі ад нашых партнёраў, што [ім] патрэбны два-тры месяцы, каб удакладніць падыходы, пазіцыі. Была такая натуральная паўза [у кантактах з Вашынгтонам], я вам скажу”, — дадаў Астапенка.

Пры гэтым ён узгадаў візіт ў Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта ў лютым гэтага года, па выніках якога былі вызваленыя палітвязні Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук: “Мы мелі [са Смітам] не аднойчы адмысловыя гутаркі”.

Астапенка пазітыўна ацаніў і пазнейшыя намаганні Вашынгтона па вызваленні часткі беларускіх палітвязняў: “Мы іх тут і падтрымліваем, і ўзаемадзейнічаем”.

Адначасова экс-дыпламат выказаў думку, што “Амерыка яшчэ не вызначылася, што яна наогул будзе рабіць са светам у цэлым і з Еўропай у прыватнасці”: “І, я думаю, у гэтым кантэксце пытанне Беларусі будзе больш еўрапейскім, чым амерыканскім прыярытэтам. <…> У стратэгічнай перспектыве, я думаю, практычныя адказы на нашыя пытанні нам хутчэй за ўсё прыйдзецца шукаць з еўрапейскімі партнёрамі”.

Каментуючы міжнародную дзейнасць дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік АПК нагадаў, што “за апошні год” адбыліся яе візіты ў 30 краін: “Гэта той графік, пра які ніколі не мог марыць Лукашэнка за 30 год сваёй працы, пра які ніколі не магло марыць рэжымнае Міністэрства замежных справаў. І гэта той актыў, які дае нам больш актыўна працаваць у міжнароднай сферы”.

Вынікам паездак ён назваў шэраг дакументы міжнародных структур па беларускім пытанні.

“Актыўнасць на гэтым накірунку — па ізалыцыі Лукашэнкі і ўзмацненні суб’ектнасці інстытута дэмакратычных сілаў — набрала вельмі добры тэмп. І я заўважыў, што гэты тэмп не зніжаўся ні ў 2024 годзе, не зніжаецца і ў 2025-м пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, — дадаў ён.

Астапенка адзначыў актыўнасць “народных амбасадаў”, сістэму якіх ён назваў “вядомай і даволі развітай”.

“Акрамя гэтага, мы спрабуем адкрываць больш фармалізаваныя прадстаўніцтвы дэмакратычных сілаў. Сёння яны працуюць у Бельгіі, у Празе, у Кіеве і Таліне. На мой погляд, <…> гаворка ідзе аб выкананні функцый, якія прадугледжаны Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах. Таму што сёння рэжымныя амбасады, якія працуюць у Еўропе, практычна выключаныя з рэальнай працы. Мяне інфармавалі нашы партнёры, што з імі размаўляюць выключна па пытаннях бяспекі і пратакола”, — сказаў спікер.

Таксама ён адзначыў ужыванне “больш гнуткіх падыходаў пры ацэнцы патрабаванняў беларускай грамадзянскай супольнасці”, якое будзе будзе абмяркоўвацца ў бліжэйшы час: “Мы рыхтуемся да сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі, якая запланавана на восень”.

Экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне Астапенка быў прызначаны на пасаду ў жніўні 2024 года. На ёй ён змяніў таксама былога дыпламата Валерыя Кавалеўскага.

Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў з уладамі ЗША прызначэнне спецпасланніка па Беларусі

18 ліпеня, Позірк. Важнасць працы беларускага падраздзялення амбасады ЗША ў Вільнюсе і магчымасць назначэння амерыканскага спецпасланніка па Беларусі абмеркаваў у Белым доме і Дзярждэпартаменце ЗША дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі, паведаміла 18 ліпеня прэс-служба дэмакратычнага лідара. Адзначаецца, …
Падзяліцца: