Мінск 19:52

АПК паведаміць пракурору МУС у Гаазе пра запалохваннк ўдзельнікаў беларускіх мерапрыемстваў за мяжой з боку рэжыму Лукашэнкі

Архіўнае фота: "Позірк"

6 жніўня, Позірк. Інфармацыя пра тое, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі запалохвае беларускіх эмігрантаў — удзельнікаў мерапрыемстваў за мяжой, будзе перададзеная ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, вынікае з заявы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

“Гэта наш дакладны пасыл і адказ дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі і яго Міністэрству замежных спраў на пагрозы і запалохванні”, — гаворыцца ў дакуменце, які прыняты 5 жніўня і апублікаваны на наступны дзень.

5 жніўня ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому “ўручаная адпаведная нота” ў сувязі з запланаванымі ў польскай сталіцы мерапрыемствамі да пяцігоддзя беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Знешнепалітычнае ведамства сцвярджае, што 9–10 жніўня “на плошчы імя Ю.Пілсудскага, а таксама ў Варшаўскім універсітэце запланаванае правядзенне мерапрыемства, мэта якога — нанясенне шкоды Рэспубліцы Беларусь”.

Сілавікі пагражаюць удзельнікам акцый за мяжой крымінальным пераследам і адабраннем маёмасці.

Як адзначае АПК, у Польшчы ды іншых краінах беларусы арганізуюць “мірныя сходы, рэалізуючы сваё права, прадугледжанае арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і арт. 11 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека”.

Палітычная структура падкрэсліла, што МЗС у чарговы раз “праяўляе пагардлівае стаўленне” да норм міжнароднага права, што “не з’яўляецца нечаканым ва ўмовах правядзення дыктатарам Лукашэнкам палітыкі “часам не да законаў”.

На гэтым фоне, лічыць АПК, заявы МЗС і Следчага камітэта пра ідэнтыфікацыю ўдзельнікаў мірных сходаў на тэрыторыі трэціх краін, узбуджэнне крымінальных спраў, правядзенне вобшукаў і арышт маёмасці гэтых асоб, з’яўляецца “яркім прыкладам дзеянняў, якія ў сукупнасці з іншымі захадамі рэжыму, скіраванымі на пераслед грамадзян Беларусі за мяжой, утвараюць кантэкст злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца экстэрытарыяльна”.

АПК заклікаў беларусаў удзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных “пяцігоддзю фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Беларусі” і “нязгодзе з масавымі рэпрэсіямі з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага народа”.

“Мы ўсведамляем, што мэтай рэжыму Лукашэнкі з’яўляецца запалохванне, стварэнне атмасферы страху і дэматывацыі сярод беларусаў — як унутры краіны, так і па-за яе межамі, — сярод тых, хто хоча жыць у свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краіне, дзе няма месца рэпрэсіям і палітвязням. Такія спробы запалохвання не зменяць нашай пазіцыі і імкнення дамагчыся ўсталявання свабоды ў Беларусі і вяртання правоў чалавека”, — падкрэсліў Кабінет.

7–8 жніўня Каардынацыйная рада правядзе слуханні пра дзейнасць АПК.

9–10 жніўня ў Варшаве пройдзе IV канферэнцыя “Новая Беларусь”, пасля завяршэння працы ў першы дзень — вулічная акцыя “Марш свабоды” да гадавіны выбараў-2020.

Падзяліцца: