Мінск 18:28

Лукашэнка зноў раскрытыкаваў Акадэмію навук за адсутнасць “належнай аддачы”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

5 жніўня, Позірк. На нарадзе з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук 5 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб недастатковай эфектыўнасці работы ўстановы.

“На фінансаванне навуковых даследаванняў траціцца шмат дзяржаўных сродкаў, а належнай аддачы мы не бачым. Ёсць толькі кропкавыя станоўчыя вынікі без шырокага ўкаранення ў галіны эканомікі. Сёння гэтага відавочна недастаткова”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Па асобных перспектыўных напрамках (такіх, як беспілотнікі, электратранспарт, іншыя пытанні) мы проста топчамся на месцы, — сказаў ён. — Патрэбных кампетэнцый дагэтуль няма, напрацовак для поўнага цыкла вытворчасці — таксама, падрыхтоўка кадраў — у працэсе станаўлення”.

Лукашэнка, як заяўляецца, падкрэсліў “адставанне ад іншых краін па некаторых перадавых напрамках”. “Трэба паскарацца. Жыццё нас падштурхоўвае да гэтага, — адзначыў ён. — Трэба, каб беларускія навукоўцы як мага далей зазіралі за гарызонт. Па-сапраўднаму ўключыліся ў распрацоўку суперперспектыўных напрамкаў — [такіх] як штучны інтэлект, нейрасеткі, біятэхналогіі, гэта цяпер на слыху”.

Паводле слоў спікера, гэта “пытанні не толькі эканомікі, але і нацыянальнай бяспекі”. “А калі выказацца яшчэ больш жорстка і пытанне будучыні нашай краіны, нашага народа і наогул нашага выжывання”, — дадаў палітык.

Ён таксама заявіў пра намер да канца года сустрэцца з “навуковай грамадскасцю” і “абмеркаваць праблемы развіцця навукі”.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, які ўзначальвае рабочую групу, адзначыў на нарадзе, што “не ўсе напрамкі навуковай дзейнасці забяспечваюць уклад у развіццё вытворчасці і экспарту <…>, патрабуе ўдасканалення і методыка ацэнкі выніковасці навукова-тэхнічных праграм”.

Пасля нарады Герасімаў паведаміў дзяржСМІ, што Лукашэнка паставіў задачу “да Новага года рабочай групе сумесна з Саветам міністраў, Акадэміяй навук, Косінцам Аляксандрам Мікалаевічам (член рабочай групы, намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу. — “Позірк”.) прыйсці да нейкай адзінай высновы і ўнесці канкрэтны план”.

“Вынікі нарады паказалі, што мыслім мы прыкладна ў адным кірунку”, — сказаў старшыня КДК.

22 траўня Лукашэнка прызначыў старшынёй прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка, які займаў на той момант пасаду намесніка прэм’ер-міністра. На гэтай пасадзе чыноўнік змяніў Уладзіміра Гусакова, які ўзначальваў НАН з кастрычніка 2013 года.

3 снежня мінулага года на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці НАН Лукашэнка заявіў, што акадэмія “не стала драйверам апераджальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе”.

“У нас крытычна мала прарыўных навуковых дасягненняў, — сказаў ён. — Ад дзейнасці акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі. Няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэр ацэнкі эфектыўнасці”.

У гэтай сітуацыі, як адзначыў тады Лукашэнка, “паўстае пытанне ці патрэбна краіне Акадэмія навук у такім выглядзе або лепш сканцэнтравацца на галіновай, вузаўскай навуцы”.

Сярод іншага спікер раскрытыкаваў тады Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а таксама галіновыя міністэрствы — за адсутнасць заказаў на навуковыя даследаванні.

Лукашэнка распарадзіўся стварыць працоўную групу па аналізе дзейнасці НАН 18 чэрвеня. У яе ўключана 14 чалавек.

Група павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

З0 ліпеня Лукашэнка патлумачыў рашэнне стварыць гэтую групу тым, што НАН у апошні час “дапускала сур’ёзныя пралікі”.

Падзяліцца: