Мінск 15:03

Набліжаны да Лукашэнкі хакеіст-бізнесмен, член СР НС Баскаў прапанаваў супрацоўнікам федэрацыі футбола звяртацца да яго для вырашэння асабістых пытанняў

Дзмітрый Баскаў (злева) і Яўген Булойчык
Фота: abff.by

2 жніўня, Позірк. Звяртацца для вырашэння пытанняў, якія тычацца “не толькі працы, але і асабістага характару“, “у вырашэнні якіх ён пастараецца паспрыяць“, прапанаваў супрацоўнікам Беларускай федэрацыі футбола галоўны трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі, бізнесмен, член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба федэрацыі па выніках праведзенага 1 жніўня Баскавым т.зв. адзінага дня інфармавання — штомесячнага прапагандысцкага мерапрыемства, падчас якога ідэолагі і чыноўнікі на падставе тэматычных метадычак усхваляюць Аляксандра Лукашэнку і яго палітыку.

“Вялікая ўвага была нададзеная развіццю Рэспублікі Беларусь, якога дамаглася наша краіна за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, і таму, колькі карпатлівай працы было ўкладзена ў дасягненне станоўчых зменаў“, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы БФФ.

Прыводзіцца цытата Баскава: “Падтрымка спорту і сацыяльнай сферы агулам — адна з прыярытэтных задач нашай дзяржавы, якой прэзідэнт надае вялікае значэнне. Якімі б складанымі ні былі часы, на рэалізацыю мер сацыяльнай падтрымкі, развіццё спартыўнай інфраструктуры рэсурсы заўсёды знаходзіліся. Таму вельмі важна, каб людзі спорту ведалі і шанавалі прыкладзеныя дзяржавай намаганні, разумелі, што яны таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сваёй сферы“.

Баскаў павіншаваў начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама, функцыянера праўладнай партыі “Белая Русь“ Яўгена Булойчыка з абраннем на пасаду старшыні БФФ. Галасаванне на безальтэрнатыўнай аснове адбылося 17 ліпеня.

У 2020 годзе падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Баскаў, на той момант старшыня федэрацыі хакея (БФХ), актыўна публічна падтрымліваў Лукашэнку. Шырока абмяркоўваўся відэазапіс, на якім Баскаў п’е ў аўтамабілі з горла гарэлку “Прэзідэнт“. Дэмакратычныя сілы на падставе здабытых групай “Кіберпартызаны” звестак і візуальнага апазнання падазраюць Баскава ў дачыненні да смерці ўдзельніка пратэстаў рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020 года.

У верасні 2021 года Міжнародная федэрацыя хакея па выніках дзесяцімесячнага расследавання адхіліла Баскава на пяць гадоў ад усіх міжнародных і ўнутраных спаборніцтваў, адзначыўшы яго дачыненне да дыскрымінацыі спартсменаў за іх палітычныя погляды, а таксама злоўжыванне службовым становішчам у межах кампаніі падтрымкі Лукашэнкі. У рашэнні згадваецца таксама сітуацыя, якая прывяла да смерці Рамана Бандарэнкі. Баскаў не пагадзіўся з рашэннем ІІХФ, але сышоў з пасады кіраўніка БФХ.

Падзяліцца: