Мінск 15:02

Беларусь гатовая абмяркоўваць будучыню “еўразійскай архітэктуры бяспекі” як і дзе заўгодна — намеснік кіраўніка МЗС

Фота: прэс-служба МЗС

2 жніўня, Позірк. “Ацэнкі і прапановы” Беларусі па пераадоленні “крызіснай сітуацыі ў сферы рэгіянальнай бяспекі” і падвышэнні эфектыўнасці працы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) прадставіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта 1 жніўня ў Хельсінкі на працоўнай дыскусіі па лініі АБСЕ.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба МЗС, будучыня АБСЕ магчымая толькі ў тым выпадку, калі “дзяржавы-ўдзельнікі пачнуць успрымаць арганізацыю не як пляцоўку для эмацыйнага выказвання ўзаемных прэтэнзій, а як практычны інструмент прасоўвання дыялогу і ўмацавання міждзяржаўнага ўзаемадзеяння на ўсёй еўразійскай прасторы”.

“Калі мы здолеем узняцца над ідэалагічнымі догмамі і забабонамі, мы зможам вярнуць мір у Еўропу. Як? Праз дыпламатыю. Спыненне ваенных дзеянняў і новая разрадка ў Еўропе стануць не перадумовай, а вынікам аднаўлення паўнацэнных міжнародных зносін”, — заявіў Сякрэта.

Мінск прапануе распачаць абмяркоўваць “будучыню еўразійскай архітэктуры бяспекі”, абнавіўшы “дыялог паміж зацікаўленымі дзяржавамі”. Калі “афіцыйныя структуры на першым этапе будуць не гатовыя да прамога ўзаемадзеяння”, то ў якасці “прамежкавага кроку”, на думку прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, можна прыцягнуць да абмеркавання “незалежных экспертаў, аналітыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў СМІ”.

“Беларусь гатовая да такога дыялога ў любым фармаце і на любой пляцоўцы — без папярэдніх умоў, — заявіў Сякрэта. — Мы таксама прапануем выкарыстаць у гэтых мэтах Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, якая адбудзецца 28–29 кастрычніка. З улікам унікальнага геапалітычнага становішча нашай краіны, Мінск — аптымальная пляцоўка для сур’ёзнай размовы і выпрацоўкі”.

Варта адзначыць, што бяспека ў рэгіёне была сур’ёзна парушаная поўнамаштабнай вайной, якую Расія развязала супраць Украіны ў лютым 2022 года, у тым ліку з дапамогай Беларусі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Працоўная дыскусія АБСЕ адбылася на наступны дзень пасля маштабнай канферэнцыі Helsinki+50, прымеркаванай да 50-годдзя падпісання 1 жніўня 1975 года Хельскінскіх пагадненняў, якія пасля сталі падмуркам для стварэння арганізацыі.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выступіла на паралельным мерапрыемстве гэтага форуму, якое было прысвечанае рэпрэсіям у дачыненні да праваабаронцаў у Беларусі. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта.

У рамках візіту палітык таксама сустрэлася з шэрагам еўрапейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН і ПА АБСЕ.

Прапанова Ціханоўскай аб круглым стале перададзена прадстаўніку беларускага МЗС нефармальна ў вуснай форме — Кучынскі

2 жніўня, Позірк. Прапанова Святланы Ціханоўскай правесці круглы стол з удзелам дэмакратычных сіл і ўладаў перададзена прадстаўніку Міністэрства замежных спраў Беларусі нефармальна ў вуснай форме. Пра гэта паведаміў “Позірку“ дарадца дэмлідара ў дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі. Раней ён адказаў сайту …
Падзяліцца: