Мінск 08:14

У Беларусі 17 новых “экстрэмістаў” і адно “экстрэмісцкае фарміраванне”

Ілюстрацыйнае фота: Ron Dyar / unsplash.com

1 жніўня, Позірк. У пералік “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 1 жніўня ўнесена яшчэ 17 чалавек. Цяпер у дакуменце, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 5.576 пазіцый.

З 17 асоб, што папоўнілі спіс, толькі насупраць трох прозвішчаў стаіць пазнака “адбывае пакаранне”. Гэта Віталь Касцецкі (асуджаны паводле ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса), Маргарыта Шчырэц (ч. 1 арт. 342) і Марына Мазоўка (ч. 3 арт. 361).

Насупраць 14 прозвішчаў пазначана, што “судзімасць не пагашаная”. Як правіла, гэта азначае, што прызначанае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. У гэтай катэгорыі Дзмітрый і Вольга Саўлічы, Вячаслаў Дзмітровіч, Уладзіслаў Бацяноўскі, Марыя Гарняк-Бацяноўская, Лілія Лебедзева, Наталля Чартовіч, Дзмітрый Сасім і Таццяна Анціповіч (усе — паводле ч. 1 арт. 342), а таксама Дзмітрый Еўдакімаў (ч. 1 арт. 3614), Марына Дзялендзік і Таццяна Кандрацкая (ч. 1 і 2 арт. 3614), Павел Кабякоў (ч. 3 арт. 3611, ч. 1 арт. 368 і арт. 369) і Яна Беразюк (ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 368).

На гэты момант праваабаронцы лічаць палітвязнем толькі Віталя Касцецкага, прыгаворанага да 5,5 года пазбаўлення волі.

Уключэнне асуджаных у спіс “экстрэмістаў” — адзін з механізмаў масавых палітычных рэпрэсій, якія цягнуцца ў Беларусі з 2020 года.

Акрамя таго, 30 ліпеня МУС унесла ў спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” групу грамадзян, якія “дзейнічаюць з 2023 года сумесна і ўзгоднена, аб’яднаных пад агульнай назвай TCU”. У пераліку прыведзеныя рэсурсы, якія маюць, на думку ўладаў, дачыненне да гэтай групы, але незразумела, якім чынам. Датычнымі да “фарміравання” пазначаныя 19-гадовы Ілля Сіланцьеў (2 жніўня споўніцца 20 гадоў), 18-гадовы Кірыл Лялюйка і 20-гадовы Аляксей Кудзін.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.
Падзяліцца: