Мінск 08:20

ДДБ Літвы папярэдзіў грамадзян пра ўзрослую пагрозу затрымання на мяжы Беларусі

Пункт пропуску Мядзінінкай на літоўска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота: Служба аховы дзяржмяжы Літвы

1 жніўня, Позірк. Пасля таго, як улады Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт ютуб-канала “Delfi Літва”, узрасла верагоднасць затрымання літоўскіх грамадзян на беларускай мяжы з наступным адміністрацыйным арыштам, папярэдзіў 1 жніўня Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай дзяржавы.

Спецслужба канстатавала, што “рэжым у Беларусі актыўна выкарыстоўвае спісы экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, асоб і інтэрнэт-рэсурсаў у барацьбе з палітычнымі апанентамі як унутры краіны, так і па-за яе межамі”.

ДДБ адзначыў, што “прагляд і наведванне” рэсурсаў, унесеных у “экстрэмісцкі спіс”, у Беларусі “лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем, за якое прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам да 15 сутак”.

Нагадваецца, што “раней ужо былі выпадкі, калі ў грамадзян Літвы, якія прыбылі ў Беларусь, супрацоўнікі рэпрэсіўных органаў правяралі лічбавыя прылады на наяўнасць інфармацыі пра наведванне сайтаў, прызнаных экстрэмісцкімі”, пасля “людзей арыштоўвалі”.

У сувязі з гэтым ДДБ заклікаў суайчыннікаў устрымлівацца ад любых паездак у Беларусь, бо такія візіты ўяўляюць пагрозу для іх бяспекі.

Ведамства падкрэсліла, што ютуб-канал “Delfi Літва” папулярны “сярод рускамоўных жыхароў Літвы”, на яго падпісана больш за 100 тыс. чалавек.

Пра тое, што кантэнт ютуб-канала “Delfi Літва”, які належыць аднайменнаму літоўскаму парталу навін — найбуйнейшаму анлайн-медыя ў гэтай балтыйскай краіне, у Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, стала вядома з абноўленага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі 21 ліпеня. Адпаведнае рашэнне 18 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.

Літоўскі партал Delfi рэгулярна асвятляе беларускую тэматыку, пры гэтым у Беларусі не адчыняецца з 2023 года.

У тым ліку з дапамогай свайго ютуб-канала партал актыўна асвятляў вызваленне21 чэрвеня 14 вязняў, пераважна палітзняволеных, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, якая з 2020 года жыве ў Літве.

У 2023 годзе на ютуб-канале “Delfi Літва” з’явіўся дакументальны фільм пра беларускія пратэсты (аўтар — журналіст Мікалай Мамінаў). Пасля гэтага па дапамогу ў фонд салідарнасці BySol з просьбай пра эвакуацыю звярнуліся дзясяткі чалавек. Справа ў тым, што асобы многіх людзей, якія трапілі ў кадр, не былі схаваныя, і яны сталі баяцца пераследу з боку ўладаў.

Кіраўніцтва рускамоўнай версіі партала запэўнівала, што рэдакцыя ўлічвала пытанні бяспекі беларусаў, паказаных на кадрах дакументальнага фільма. Тым не менш пасля шматлікіх зваротаў фільм быў “часова выдалены”.

25 сакавіка 2022 года Раскамнагляд заблакаваў доступ да літоўскай версіі Delfi на тэрыторыі Расіі. На пачатку красавіка 2022-га гэтае ж ведамства заблакавала рускамоўную версію латвійскага партала Delfi.

Падзяліцца: