Мінск 15:03

Лукашэнка правядзе ў Расіі перамовы Пуціным у нефармальнай абстаноўцы

Архіўнае фота: прэс-служба Крамля

1 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня накіруецца з рабочым візітам у Расію, паведаміла яго прэс-служба.

Адзначаецца, што сустрэча з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным пройдзе ў фармаце сам-насам і ў нефармальнай абстаноўцы.

Да абмеркавання заяўленыя пытанні, звязаныя з развіццём беларуска-расійскіх стасункаў, а таксама саюзныя праекты, міжнародны парадак дня і тэматыка рэгіянальнай бяспекі.

Пра тое, што Лукашэнка плануе дамовіцца “найбліжэйшым часам“ з Пуціным пра сустрэчу, заявіла 28 ліпеня прэс-сакратар беларускага палітыка Наталля Эйсмант.

Паводле яе слоў, у Лукашэнкі і Пуціна, “безумоўна, заўсёды ёсць што абмеркаваць”. “Асноўныя тэмы тычацца як двухбаковых адносін, так і міжнароднага парадку“, — сказала Эйсмант.

Яна адзначыла, што ў тэлефоннай размове 27 ліпеня Лукашэнка і Пуцін не ўздымалі тэм, якія “наогул па тэлефоне лепш не абмяркоўваць”.

У найбліжэйшы час, дадала Эйсмант, палітыкі дамовяцца аб сустрэчы і “ўсе найважнейшыя і сур’ёзныя пытанні абмяркуюць сам-насам“.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін бачыліся 27 чэрвеня ў Мінску на саміце Еўразійскага эканамічнага саюза. Асобнай іх сустрэчы тады не было.

Як адзначаў перад самітам памочнік кіраўніка РФ Юрый Ушакоў, расійскі бок “не фіксуе асобных сустрэч, але, мяркуючы па ўсім, мяркуючы па настроях лідараў, <…> могуць быць прадугледжаныя нефармальныя сустрэчы”. “У прыватнасці, <…> з гаспадаром [саміту] ён падрабязна пагаворыць, будуць магчымасці. Не выключана, што асобна перагаворыць і з прэзідэнтам Узбекістана [Шаўкатам] Мірзіёевым”, — сказаў Ушакоў.

24 чэрвеня падчас “працяглай гутаркі” па тэлефоне Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі “цэлы шэраг тэм”, у тым ліку “беларуска-расійскі саюзны парадак дня”, “рэгіянальную праблематыку і міжнародную абстаноўку, уключаючы сітуацыю ва Украіне і на Блізкім Усходзе”.

Падзяліцца: