Мінск 08:17

Яшчэ два аддзяленні амбасады Беларусі ў Расіі будуць ператвораныя ў генконсульствы

1 жніўня, Позірк. Беларусь адкрые генеральныя консульствы ў Казані, Уфе і Варонежы, вынікае з пастановы ўрада № 410 ад 30 ліпеня, якая размешчана 1 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Варонежы з’яўляецца новым, а генконсульствы ў Казані і Уфе прыйдуць на змену адпаведным аддзяленням амбасады Беларусі ў Расіі.

Пасля рэалізацыі гэтай пастановы ў Беларусі будзе 9 генеральных консульстваў у Расіі: ва Уладзівастоку, Варонежы, Екацярынбургу, Казані, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Растове-на-Доне, Санкт-Пецярбургу і Уфе. Усе яны (акрамя Варонежа) прыйшлі на змену адпаведным аддзяленням амбасады, гэта значыць узровень дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў згаданых рэгіёнах павышаны.

Аддзяленні амбасады пакуль застаюцца ў Краснадары, Краснаярску і Смаленску. Паводле інфармацыі на сайце асноўнай замежнай установы Беларусі ў Расіі, прыпыненая праца ягонага аддзялення ў Новасібірску. Такая ж інфармацыя размешчаная і ў дачыненні да аддзялення ў Уфе, якое будзе пераўтворанае ў генконсульства.

21 ліпеня на сустрэчы з губернатарам Самарскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск пераарыентуе сваю дыпламатычную прысутнасць з заходніх краін на дзяржавы, якія “хочуць развіваць супрацоўніцтва, і гэта перш за ўсё Расійская Федэрацыя“.

“Той рэзерв дыпламатаў, які ў нас сёння створаны, мы гатовыя перанакіраваць з захаду на ўсход. Не хочуць працаваць з Беларуссю — сёння ў свеце дастаткова дзяржаў, якія з задавальненнем з намі супрацоўнічаюць“, — сказаў Лукашэнка.

Аднак 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў ён выказаў меркаванне, што, нягледзячы на блізкія адносіны з Расіяй, нельга забывацца і на заходнія краіны.

Падзяліцца: