Мінск 22:06

Грамадзянін Эстоніі Ройё сустрэўся з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі, каб падзякаваць за сваё вызваленне — амбасада

Сустрэча Алана Ройё з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі
Відэазапіс: амбасада ЗША / стоп-кадр: "Позірк"

31 ліпеня, Позірк. Вызвалены 21 чэрвеня грамадзянін Эстоніі Алан Ройо сустрэўся з часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Майклам Крыдлерам, каб падзякаваць за садзейнічанне свайму вызваленню ЗША, прэзідэнту Дональду Трампу і яго спецпасланніку па Украіне Кіту Келагу.

Кароткае паведамленне пра гэта распаўсюдзіла 31 ліпеня прэс-служба дыпмісіі. Адзначаецца, што Ройё уз’яднаўся з сям’ёй і сябрамі “пасля 18 месяцаў, праведзеных у беларускай турме“.

Ройо і яшчэ 13 чалавек, у тым ліку палітвязні, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, былі вызваленыя 21 чэрвеня па выніках візіту Келага ў Мінск і яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

У верасні 2020 года цяпер 45-гадовы Ройё заснаваў у Эстоніі некамерцыйную арганізацыю “Фонд сяброў Беларусі“ (Fund of Belarus Friend LTD), каб збіраць сродкі для “людзей, якія ратуюцца ад беларускага рэжыму“. “Аднак арганізацыя не вяла значнай дзейнасці і была выдаленая з бізнэс-рэестра праз некалькі месяцаў. НКА была створаная на тэрыторыі Эстоніі ў адпаведнасці з эстонскім заканадаўствам“, — гаварылася ў паведамленні МЗС Эстоніі пасля вызвалення Ройё.

16 студзеня 2024 года беларускі КДБ прызнаў фонд “экстрэмісцкім фарміраваннем“, да якога акрамя Ройё прылічыў грамадзян Беларусі Алега Стэфановіча і Аляксандра Сырыцу, вядомага басктэбольнага суддзю. У тым жа месяцы стала вядома пра затрыманне Ройё.

Працэс над Ройё пачаўся 17 сакавіка 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Ён і Сырыца абвінавачваліся паводле чатыроў артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта).

1 красавіка Ройё быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі, Сырыца — на 4.

16 ліпеня, ужо пасля вызвалення, КДБ уключыў эстонца ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці“.

18 ліпеня МУС Беларусі ўнёс яго ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці“, назваўшы грамадзянінам Беларусі, які адбывае пакаранне.

Падзяліцца: