У Алтайскім краі з 10 новых беларускіх трамваяў восем на рамонце — рэгіянальны міністр

31 ліпеня, Позірк. Аб праблемах з новымі трамваямі прадпрыемства “Белкамунмаш” заявіў на сустрэчы ўрада Алтайскага краю Расіі з беларускай дэлегацыяй міністр транспарту рэгіёна Андрэй Падалян.
Паводле слоў краявога чыноўніка, піша мясцовае інфармацыйнае агенцтва “Банкфакс”, праблемы закранулі іх зборкі, з-за чаго тэхніка часта ламаецца і прастойвае ў дэпо.
“Факт знаходжання на гарантыйным рамонце васьмі з дзесяці новых трамваяў стварае сур’ёзныя складанасці для перавозчыка і, безумоўна, нясе іміджавыя рызыкі для ўсіх бакоў“, — падкрэсліў міністр.
Разам з тым ён выказаў зацікаўленасць у “далейшых пастаўках якаснай і надзейнай беларускай тэхнікі, як дарожнай, так і пасажырскай, на ўмовах, якія забяспечваюць яе бесперабойную эксплуатацыю“.
Падалян адзначыў, што за апошнія пяць гадоў у беларускіх пастаўшчыкоў было закуплена больш за 165 адзінак спецыяльнай тэхнікі на 600 млн расійскіх рублёў (летась — 18 спецыяльных машын на 166 млн).
Інфармагенцтва адзначае, што ў апошні раз рэгіён закупляў трамваі ў 2022 годзе ў ТАА “Аўтатэхкамплект“ (Ніжагародская вобласць) — афіцыйнага дылера “Белкамунмаша“, які вырабляе вагоны. Яны выйшлі на лінію толькі ў пачатку 2024 года.
Адзін з супрацоўнікаў муніцыпальнага прадпрыемства “Гарэлектратранс” раней ананімна паведаміў “Банкфаксу“, што новыя беларускія трамваі “выявіліся не прыстасаванымі да барнаульскай сеткі шляхоў і асаблівасцяў працы: вялікаму пасажырапатоку, неадпаведнасці памераў вагонаў трамвайных шляхоў горада і непраходнасці ў зімовы перыяд з-за нізкапольнасці”.
“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў“, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.
Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці“.
Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху, прычынай называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.
Апошні падобны выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага аўтобусы гарэлі 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.
Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.
Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.
12 студзеня 2025 года расійскае інтэрнэт-СМІ “Фонтанка“ апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Янакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што “пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі“ МАЗу “было дадзена даручэнне“ з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова разабрацца ў сітуацыі. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства вырашыла праблему.

- Эканоміка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара паказаў месячны рост упершыню пасля лістапада 2024 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаДэмсілы Беларусі зацікаўленыя больш узаемадзейнічаць з ПА АБСЕ — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала са спікерам фінскага парламента важнасць падтрымкі праеўрапейскіх настрояў сярод беларусаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ першай палове 2025 года ў Беларусі звольнена на 7% працаўнікоў больш, чым нанятаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка