Мінск 22:00

Мінск выдаў Душанбэ траіх грамадзян Таджыкістана, абвінавачаных на радзіме ў махлярстве

31 ліпеня, Позірк. Дэпартамент выканання пакаранняў МУС “арганізаваў перадачу” Таджыкістану траіх грамадзян гэтай дзяржавы, абвінавачаных на радзіме ў махлярстве, вынікае з паведамлення Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, адзін з іх у 2019 годзе “пад выглядам набыцця і дастаўкі” экскаватара Hyundai “ашуканскім шляхам завалодаў грашовымі сродкамі пацярпелага на суму 182.440 долараў”.

Другі перададзены замежнік, як сцвярджаецца, каля 10 гадоў таму “прапанаваў пацярпелым атрымаць на іх анкетныя даныя крэдыты ў банку, якія абавязаўся пагасіць у поўным аб’ёме пры ўмове перадачы яму ўсёй сумы атрыманых па крэдыце грашовых сродкаў”.

“Завалодаўшы грашыма, мужчына змарнаваў іх на ўласныя патрэбы, а гэтыя абяцанні не выканаў. У выніку такіх дзеянняў крэдытныя абавязацельствы 76 асоб на суму не менш як 660 тыс. долараў засталіся нявыкананымі”, — адзначыла ведамства.

Трэці перададзены грамадзянін Таджыкістана, паводле інфармацыі Генпракуратуры, у снежні 2022 года быў асуджаны на радзіме за тое, што “пад маркай продажу кватэры” ўвесну таго ж года “ашуканскім шляхам завалодаў аўтамабілем і грашовымі сродкамі пацярпелага на агульную суму, эквівалентную не менш як 80 тыс. беларускіх рублёў”. “Пасля пастановы прыгавору ён схаваўся і быў затрыманы ў Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Генпракуратура заявіла, што Беларусь працягвае “актыўнае ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі іншых краін па барацьбе са злачыннасцю”.

На прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня 2024 года ў Мінску намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што Беларусь “стараецца выконваць” просьбы замежных калег пра выдачу.

Ён нагадаў, што Мінск задаволіў усе тры запыты Вільнюса пра выдачу асоб для крымінальнага пераследу. “Два злачынствы супраць палавой недатыкальнасці і адно — прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. <…> Відавочна, нам такія людзі тут не патрэбныя. Забірайце і разбірайцеся з імі”, — аргументаваў рашэнне беларускага органа Стук.

“Цяпер у нас на разглядзе знаходзіцца просьба латышскага боку і польскага боку. Гэта просьба разглядаецца”, — дадаў ён.

У той жа час, паводле слоў намесніка генпракурора, суседнія краіны адмаўляюць Беларусі ў яе запытах. Такую пазіцыю ён лічыць незразумелай: “Навошта яны ўтрымліваюць у сябе злачынцаў, [выдачу] якіх мы запытваем сапраўды паводле гэтых агульнакрымінальных артыкулаў?”

Падзяліцца: