Прызнанне брэнда Belaruskicry “экстрэмісцкім” скіраванае ў тым ліку на падтрыманне атмасферы страху — юрыст “Вясны”

30 ліпеня, Позірк. Наданне “экстрэмісцкага” статусу ювелірнаму брэнду Belaruskicry “не мае нічога агульнага з агульнапрынятымі прынцыпамі барацьбы з экстрэмізмам”, такое меркаванне выказала юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Вікторыя Рудзянкова на сайце арганізацыі.
23 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сайта згаданага брэнда і яго рэсурсаў у “Інстаграме”, “Тэлеграме”, “Фэйсбуку”, “ЦікТоку”, Х. На наступны дзень КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, якія “дзейнічаюць з 2021 года сумесна і ўзгоднена, аб’яднаных пад агульнай назвай Belaruskicry”. Да “фарміравання” прылічылі заснавальніцу брэнда Аляксандру Куркову, а таксама Марыну Сергіеню, Ягора Бужылава і Алену Куляшову.
Пералікі — “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, а таксама “арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, — на сайтах Міністэрства інфармацыі і Міністэрства ўнутраных спраў адпаведна абнавілі 29 ліпеня. Разам з тым папярэджанне пра “экстрэмісцкую” маркіроўку з’явілася на рэсурсах брэнда яшчэ 26 ліпеня. 30 ліпеня на старонках брэнда ў сацсетках апублікаванае паведамленне пра тое, што звесткі пакупнікоў маглі апынуцца ў сілавікоў.
Паводле слоў Рудзянковай, “экстрэмісцкі” спіс з’яўляецца “інструментам палітычнай цэнзуры і палітычна матываваных крымінальных рэпрэсій”. У яго “трапляе ўсё, што папулярнае сярод беларусаў, стварае адчуванне адзінства і ідэнтычнасці або ўспрымаецца як сімвал супраціўлення палітыцы А. Лукашэнкі”, адзначыла яна.
Візітная картка брэнда — кулоны ў выглядзе абрысу Беларусі са слязінкай, звярнула ўвагу юрыст “Вясны”, сталі “знакам любові да радзімы, тугі па ёй і барацьбы за свабоду краіны”. “Іх носяць палітыкі, праваабаронцы і актывісты на дыпламатычных сустрэчах, міжнародных мерапрыемствах і ў паўсядзённым жыцці”, — сказала прадстаўніца праваабарончага цэнтра.
Рудзянкова канстатавала, што прызнанне “экстрэмісцкім фарміраваннем” дае рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “легальную магчымасць крымінальнага пакарання шырокага кола людзей паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса”: “Для стваральнікаў прадугледжаны артыкул за “стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні”, а для спажыўцоў — за “садзейнічанне” або “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці”.
“І трэба памятаць, што, апрача рэальнай пагрозы крымінальнага пераследу такая практыка скіраваная таксама на стварэнне і падтрыманне атмасферы страху ў беларускім грамадстве, дзе нават нашэнне добрага ўпрыгожвання з абсалютна бяскрыўдным з пункту гледжання экстрэмізму дызайнам можа разглядацца як злачынства”, — адзначыла яна.
На думку юрыста “Вясны”, асноўная мэта прызнання брэнда “экстрэмісцкім фарміраваннем” заключаецца ў стварэнні “прававой пасткі, калі любое, нават мінімальнае ўзаемадзеянне з брэндам або яго заснавальнікамі можа стаць падставай для пераследу”.
У той жа час у матэрыяле падкрэсліваецца, што прызнанне брэнда “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а кантэнту яго рэсурсаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” не азначае, што “ўся яго прадукцыя аўтаматычна з’яўляецца “экстрэмісцкай”.
“Падставы для пераследу за нашэнне гэтых упрыгожванняў з’явяцца тады, калі яны будуць унесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі з дакладным іх апісаннем. Гэта значыць будуць дакладна прапісаныя прыкметы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць гэтыя ўпрыгожванні як “экстрэмісцкія матэрыялы”. Толькі ў такім выпадку будуць узнікаць падставы для пераследу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі)”, — гаворыцца на сайце “Вясны”.

- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Фінляндыі крокі па вызваленні палітвязняў, пагрозы незалежнасці Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская ў Хельсінкі выказала спачуванні ахвярам начной расійскай атакі на Кіеў і заклікала ўзмацніць ціск на беларускі рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 29–30 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка