Мінск 09:32

У Гомельскай вобласці ІП у сем разоў завысіла надбаўку на “баршчовы набор” і яблыкі — будзе суд

Ілюстрацыйнае фота: Monika Grabkowska / unsplash.com

30 ліпеня, Позірк. Некалькі суб’ектаў у рэгіёнах Беларусі парушылі правілы продажу садавінагароднінай прадукцыі, паведаміла 30 ліпеня прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Паводле інфармацыі ведамства, у Гомельскай вобласці індывідуальны прадпрымальнік “у 2024–2025 гадах пры рэалізацыі агародніны “баршчавога набору” і свежых яблыкаў у рамках дзяржаўных закупак прымяняла аптовыя надбаўкі да 220% пры дазволеных 30%” (перавышэнне ў 7,3 раза).

Акрамя таго, паводле сцвярджэння МАРГ, прадпрымальнік “не пазначала абавязковыя даныя” ў таварна-транспартнай накладной (ТТН).

Работнікі ведамства налічылі больш за 2 тыс. рублёў “неабгрунтавана атрыманай [ёю] выручкі з бюджэту”.

Яшчэ адно такое парушэнне выяўленае ў Віцебскай вобласці — таварыства з абмежаванай адказнасцю не ўключыла ў ТТН інфармацыю пра “ўмовы дастаўкі пры рэалізацыі садавінагароднінай прадукцыі”.

Акрамя таго, была перавышаная гранічная максімальная адпускная цана на капусту. Службовая асоба арганізацыі прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.

У абодвух выпадках матэрыялы накіраваныя ў эканамічныя суды — Гомельскай і Віцебскай абласцей адпаведна.

З пачатку года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні выяўленыя ў 148 суб’ектаў гаспадарання, сума накладзеных штрафаў склала больш як 250 тыс. рублёў.

У апошнія месяцы МАРГ актыўна паведамляе пра праверачныя мерапрыемствы ў рознічных сетках і выяўленыя парушэнні.

14 ліпеня паведамлялася, што па выніках выбарачнай праверкі ў сталіцы і рэгіёнах МАРГ выдаў “суб’ектам, якія ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць на кірмашах”, больш за 300 рэкамендацый па выпраўленні парушэнняў. У іх ліку рэалізацыя тавару са скончаным тэрмінам прыдатнасці, продаж садавінагароднінай прадукцыі па завышаных цэнах, утойванне рэальнай выручкі і ўхіленне ад выплаты падаткаў.

7 красавіка стала вядома, што парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў выяўленыя ва ўсіх правераных крамах касметыкі сеткі “Летуаль”, якая належыць ТАА “ЖэнціТрэйд”.

4 красавіка паведамлялася, што ва ўсіх правераных крамах рознічнай сеткі “7 пятніц” (належыць ТАА “Юністар Груп”) выяўленыя парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў.

10 сакавіка ведамства паведаміла, што парушэнні правілаў гандлю выяўленыя амаль у кожнай трэцяй праверанай краме сеткі “Табакерка”, якая належыць СЗАТ “ЭНЕРГА-АІЛ”.

28 лютага МАРГ інфармавала пра парушэнні правілаў гандлю ва ўсіх правераных крамах сеткі “Хіт!”, якая належыць ТАА “Еўрагандаль”.

20 лютага ведамства паказала на парушэнні ў 96% гандлёвых аб’ектаў рознічнай сеткі “Капеечка”.

Раней МАРГ выставіў маштабныя прэтэнзіі да інтэрнэт-пляцоўкі “Вайлдберыз” і гандлёвай сеткі “Суседзі”.

Падзяліцца: