Мінск 05:49

Вузкасць рынку накапляльных відаў страхавання ўскладняе яго рост, пагаршае якасць паслуг — часопіс Мінфіна

Ілюстрацыя: belbroker.by

30 ліпеня, Позірк. Вузкая прапанова на рынку накапляльных відаў страхавання (НВС) ускладняе яго далейшы рост, прыводзіць да адсутнасці канкурэнцыі і, як вынік, пагаршэння якасці паслуг. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата эканамічных навук Юліі Крупенка для навукова-практычнага часопіса “Финансы. Учет. Аудит“ (заснавальнікі — Міністэрства фінансаў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, “Белдзяржстрах”).

“У Беларусі існуюць тры асноўныя НВС: страхаванне жыцця, дадатковая пенсія і ДНПС (добраахвотнае накапляльнае пенсійнае страхаванне з удзелам дзяржавы)“, — адзначае аўтар.

Паводле яе слоў, спецыфіка айчыннага страхавання — у яго высокай канцэнтрацыі. “Найбольш моцныя цэнтралізаваныя тэндэнцыі як раз у сегменце жыцця, які на сённяшні дзень прадстаўляюць усяго тры арганізацыі: адно дзяржаўнае прадпрыемства — “Стравіта“, якое з’яўляецца відавочным лідарам (71,4% атрыманых унёскаў); дзве прыватныя кампаніі — СТАА “ПрыорЛайф“ і УСП “БелВЭБ страхаванне“, — піша Крупенка.

На аснове статыстыкі Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў яна канстатуе зніжэнне долі “страхавых унёскаў па жыцці і дадатковай пенсіі“ ў агульным аб’ёме рынку з 13% у 2022 годзе да 11,5% на пачатак 2024-га.

Аўтар лічыць, што закон “Аб страхавой дзейнасці“, які набыў моц 1 студзеня 2025 года і які рэгулюе адносіны паміж “зацікаўленымі бакамі ў страхаванні жыцця”, вышэйназваныя праблемы не вырашыў.

“Нягледзячы на намаганні, што прымаюцца ў Беларусі, паводле ступені развітасці аналізаваных відаў і агулам усёй галіны наша краіна пакуль адстае ад вядучых дзяржаў“, — канстатуе Крупенка. Аб’ём налічаных страхавых унёскаў у страхаванні жыцця ў 2024 годзе склаў 0,13% ВУП супраць 0,12% у 2023 і 2022 гадах і 0,13% у 2021-м. “Гэта значыць бачнага паляпшэння дамагчыся не ўдаецца“, — піша аўтар.

У той жа час, паводле яе слоў, у еўрапейскіх краінах удзельная вага страхавых узносаў па сегменту жыцця дасягае 10% ВУП.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: