Мінск 05:42

МУС стварае чат-бот “па тэме забеспячэння грамадскай бяспекі”

29 ліпеня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў стварае чат-бот, куды “кожны зможа паведаміць інфармацыю па тэме забеспячэння грамадскай бяспекі”, гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС па выніках “аператыўнай нарады” 29 ліпеня ў Мінску.

Паводле сцвярджэння міністра Івана Кубракова, “людзі гатовыя прадастаўляць <…> інфармацыю” ведамству такім чынам.

У грамадстве “склалася нецярпімасць да правапарушальнікаў, у тым ліку і ў сферы бяспекі дарожнага руху”, лічаць у МУС.

“Беларусы стаміліся ад тых, хто пагарджае літарай закона і агульнапрызнанымі нормамі маралі. Колькасць зваротаў грамадзян у органы ўнутраных спраў сведчыць пра імкненне людзей зрабіць жыццё ў краіне яшчэ больш бяспечным. Таму яны гатовыя аказваць дапамогу і садзейнічаць міліцыі”, — сказана ў рэлізе.

Кубракоў заявіў, што “фактычна з пачатку 2025 года сфармавалася трывожная тэндэнцыя” ў сферы бяспекі дарожнага руху. Паводле звестак ведамства, нягледзячы на скарачэнне агульнай колькасці ДТЗ і пацярпелых у іх, “адзначаецца рост колькасці загінулых”. Пік смяротнасці на дарогах прыйшоўся на чэрвень. Аператыўна прынятыя меры дазволілі трохі стабілізаваць сітуацыю, але “яна застаецца складанай”.

Кіраўнік ведамства раскрытыкаваў працу ДАІ і запатрабаваў карэкціроўкі арганізацыі службовай дзейнасці ў рэгіёнах.

Кубракоў таксама звярнуў увагу на “неабходнасць выяўлення грубых парушэнняў ПДР і прыняцця самых жорсткіх мер рэагавання да вінаватых”: “Ніводны факт не павінен застацца без увагі і ўсебаковай ацэнкі”.

Адначасова, калі парушэнне дробнае і ёсць змякчальныя абставіны, то трэба “ісці насустрач” чалавеку, сказаў ён. Пры наяўнасці ж грубых і шматлікіх парушэнняў ПДР “паблажак і мінімальных штрафаў для “блатных” быць не павінна”. Кіраўнік ведамства даручыў перагледзець “вынесеныя падобныя рашэнні ў бок узмацнення”.

Раней паведамлялася, што 28 ліпеня каля 18 гадзін паблізу в. Інтэрнацыянал Капыльскага раёна (Мінская вобласць) 66-гадовы мужчына не справіўся з кіраваннем аўтамабіля “Сітраен”, з’ехаў у левы па хадзе руху кювет, дзе аўтамабіль перакуліўся. Кіроўца і 69-гадовы пасажыр загінулі на месцы здарэння.

Пра гібель 38-гадовага кіроўцы “Фольксвагена” і 35-гадовага пасажыра ў ДТЗ у Бераставіцкім раёне (Гродзенская вобласць) паведамлялася 5 ліпеня.

Падзяліцца: