Мінск 11:43

Сярод 32 затрыманых у Польшчы дыверсантаў, што працавалі на РФ, ёсць беларусы — Туск

Фота: gov.pl

29 ліпеня, Позірк. Польскія сілавікі затрымалі 32 чалавекі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі, сярод іх ёсць грамадзяне Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск 29 ліпеня на пасяджэнні ўрада краіны.

“Гэта абгрунтаваныя падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі службамі, якія даручаюць гэтым асобам акты дыверсіі або збіцця. Ёсць паляк, ёсць расіяне, ёсць украінцы, ёсць беларусы, <…> калумбіец”, — заявіў Туск.

Паводле палітыка, адзін з іх ужо асуджаны, а іншыя падазраваныя “чакаюць суда”.

Нягледзячы на меры, што прымаюцца, якія Туск лічыць эфектыўнымі, “наступіў момант абвясціць усім службам сур’ёзную трывогу”.

“У нас няма сумневу, што расійская дзейнасць тычыцца і пэўных арганізаваных палітычных колаў, і што дэстабілізацыя абстаноўкі на мяжы, спроба паралізаваць працу нашых службаў вельмі блізкая да такіх жорсткіх дыверсійных дзеянняў, як спробы падпалаў або нападаў”, — дадаў ён.

Туск паабяцаў “бязлітасныя дзеянні” ў дачыненні да тых, хто “дэстабілізуе польскую дзяржаву або спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю на мяжы, з’яўляецца прама або ўскосна памагатым расійскіх спецслужбаў”.

На брыфінгу па выніках пасяджэння прэс-сакратар урада Польшчы Адам Шлапка заявіў: “Службы павінны быць у найвышэйшай гатоўнасці, таму што <…> міграцыйныя пытанні з’яўляюцца элементам гібрыднай вайны, якую вядзе Расія і рэжым Лукашэнкі, які дапамагае ёй [у] Беларусі”.

Ён ахарактарызаваў канал міграцыі праз Беларусь як не натуральны.

У тым жа кантэксце прадстаўнік урада згадаў дыверсіі на тэрыторыі краіны і спробы распаўсюду дэзінфармацыі.

2 ліпеня паведамлялася, што Люблінская акружная пракуратура падала апеляцыю на рашэнне суда, які прысудзіў 26 траўня 53-гадовага грамадзяніна Беларусі Мікалая М. да двух гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі за шпіёнскую дзейнасць.

Наглядная ўстанова хадайнічала аб узмацненні пакарання да пяці гадоў зняволення.

Пры гэтым, як адзначаецца, асуджаны выйшаў на волю 29 траўня пасля заканчэння тэрміну пакарання (адлічваўся ад лютага 2023 года).

Аб вынясенні прысуду стала вядома 26 траўня, тады яго агенцтву РАР агучыла прэс-сакратарка Люблінскага акружнога суда Марта Смех.

Удакладнялася, што “суд прызнаў Мікалая М. вінаватым у шпіянажы на карысць спецслужбаў Рэспублікі Беларусь, скіраваным супраць Польшчы ў перыяд з 2018 да 2023 года”.

У матэрыяле адзначалася, што “Мікалай М. жыве ў Польшчы ўжо больш за дзесяць гадоў”: “Ён нарадзіўся ў Львове (Украіна), вольна валодае польскай мовай. Апошнім часам ён пражываў у Бяла-Падлясцы і займаўся дробным гандлем таварамі, што імпартаваліся з Беларусі. Аднак гэта было толькі прыкрыццё для шпіёнскай дзейнасці. Мужчыну завербавалі беларускія спецслужбы, верагодна, праз яго адукацыю. Ён быў спецыялістам па чыгуначным транспарце і лагістыцы. Польскія службы затрымалі яго ў лютым 2023 года”.

Як раней адзначаў “Позірк”, Мікалай М. — гэта, верагодна, Мікалай Маскаленка. Адразу пасля затрымання ў Польшчы яго і яшчэ двух грамадзян Беларусі, Уладзіслава Пасміцюхі і Марыі Мядзведзевай, адзін з беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў апублікаваў відэазвароты, як сцвярджалася, сваякоў затрыманых, якія заявілі аб сфабрыкаваным характары справы.

19 снежня 2023 года стала вядома, што той жа суд вынес прысуд 14 іншаземцам, абвінавачаным у шпіянажы на карысць Расіі. Сярод іх трое грамадзян Беларусі.

Агулам па справе праходзілі 16 абвінавачаных, справа дваіх была выдзеленая ў асобную вытворчасць. Абвінавачаны Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — шэсць гадоў пазбаўлення волі, абвінавачаная Марыя М. — найменшае пакаранне — год і месяц пазбаўлення волі, усе асуджаныя былі аштрафаваныя.

27 верасня мінулага года стала вядома, што ў межах згаданай асобнай вытворчасці суд прыгаварыў грамадзяніна Беларусі Уладзіслава П. да двух гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі. Мужчына таксама быў аштрафаваны на 10 тыс. злотых (каля 2,8 тыс. долараў).

Падзяліцца: