Камандарм літоўскага войска пра дрон з Беларусі: Можа быць так, што ніякі аб’ект у Літву не прылятаў

29 ліпеня, Позірк. Інфармацыя, што з’явілася напярэдадні, пра беспілотнік, які заляцеў з Беларусі, можа быць няправільнай, такое меркаванне выказаў камандарм Узброеных сіл Літвы Раймундас Вайкшнорас 29 ліпеня ў эфіры радыё LRT.
“Правяраюць і іншыя версіі — ці знаходзіцца дрон у Літве, а, можа, гэта быў фэйк”, — сказаў галоўнакамандуючы літоўскім войскам.
Паводле слоў камандарма, кадры з пралётам дрона, якія распаўсюджвалі 28 ліпеня ў сацыяльных сетках, маглі быць знятыя на ўкраінскай тэрыторыі.
“Пакуль праводзяць апытанне жыхароў, якія першымі ўбачылі, пачулі ці яшчэ нешта заўважылі і паведамілі ў Адзіны цэнтр дапамогі. <…> На сённяшні дзень складваецца ўражанне, што большасць нічога не бачыла, але нешта чула. А тое, што было дадзена ў выглядзе відэазапісаў, таксама дастаткова двухсэнсоўная інфармацыя, мы маем падазрэнні, што відэа зробленыя ва Украіне”.
Вайкшнорас не выключыў, што з боку Беларусі сапраўды прыляцелі нейкія аб’екты, “але гэта магла быць і зграя птушак, гэта магло быць воблака, іншыя метэаралагічныя з’явы”.
Міністр абароны Давіле Шакалене ў эфіры той жа праграмы падтрымала камандарма, адзначыўшы, што не зразумела, ці знаходзіўся беспілотнік на тэрыторыі Літвы. Аднак чыноўніца запэўніла, што ўсе версіі правяраюцца і аб’ект, калі ён у Літве, будзе знойдзены.
Раней Шакалене, каментуючы інцыдэнт, заявіла, што “надвор’е спрыяльнае для метэазондаў, якія кантрабандысты выкарыстоўваюць для пералёту сваіх тавараў”. Паводле яе слоў, 29 ліпеня прэзідэнт Гітанас Наўседа збярэ нараду, на якой будзе абмяркоўвацца, якія дадатковыя захады можна зрабіць для ўзмацнення кантролю паветранай прасторы.
Раніцай 28 ліпеня паліцыя Літвы папярэдзіла грамадзян пра ўварванне з тэрыторыі Беларусі беспілотнага лятучага апарата нявызначанага тыпу. Галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (NKVC) Дарус Бута паведаміў парталу навін Delfi, што дрон, зафіксаваны на вышыні каля 200 метраў, у апошні раз быў заўважаны каля Вільнюса.
Пазней літоўскае войска паведаміла, што Вайскова-паветраныя сілы “ажыццяўлялі назіранне” за беспілотнікам, пакуль ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі; інфармацыя была перададзеная ў Аб’яднаны цэнтр кіравання паветранымі аперацыямі НАТО. Найбольш верагоднай на той момант была версія пра “дэзарыентацыю самалёта ўкраінскай СПА”.
МЗС Літвы, згодна з паведамленнямі мясцовых СМІ, заявіла, што “выкліча прадстаўніка амбасады” Беларусі і ўручыць яму ноту, калі высветліцца, што “дрон або іншы лятучы аб’ект” мае вайсковае прызначэнне.
10 ліпеня ў Літву з Беларусі заляцеў расійскі дрон.
16 ліпеня міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам у сувязі з “незаконным парушэннем паветранай прасторы шматфункцыянальным беспілотным лятучым апаратам “Гербера” расійскай вытворчасці”.
Знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што беспілотнік уляцеў у Літву 10 ліпеня з боку Беларусі і ўпаў “прыкладна за адзін кіламетр ад дзяржаўнай мяжы”.
МЗС “настойліва запатрабавала” ад Беларусі “ў найкарацейшыя тэрміны даць тлумачэнні наконт гэтага інцыдэнту і зрабіць усе неабходныя захады, каб падобныя выпадкі не паўтараліся ў будучыні”.
На 24 ліпеня адказу на ноту не было.
Беларускія кантрабандысты часта выкарыстоўваюць у прыграніччы дроны, каб даставіць у Літву цыгарэты.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства