Мінск 05:37

Збіты ў Вільнюсе журналіст “Маланка медыя” асцерагаецца, што крымінальную справу аб нападзе на яго “замнуць”

Фота: "Маланка медыя"

28 ліпеня, Позірк. Крымінальная справа аб нападзе на журналіста беларускага выдання “Маланка медыя” “з пятніцы не зрушылася з мёртвага пункта”, паведамляецца ў тэлеграм-канале праекта са спасылкай на пацярпелага.

Адзначаецца, што паліцыя “не ўзяла запісы з камер, не дапытала відавочцаў, у тым ліку жанчыну, якая выклікала [журналісту] хуткую”.

“Падазрэнні, што справу замнуць, у хлопца з’явіліся адразу. У бальніцы, куды яго даставілі, урачы адмовіліся выклікаць паліцыю і параілі ісці туды самому”, — гаворыцца ў публікацыі.

У паліцэйскім участку, як паведамляецца, у журналіста спыталі: “За справу пабілі?” — пачуўшы “не”, супрацоўнік заявіў: “У нас у Літве проста так не б’юць”.

“Следчая, якая афармляла заяву, удакладняла ў беларуса, ці ўпэўнены ён, што хоча даводзіць справу да разбіральніцтваў”, — адзначае выданне.

28 ліпеня журналіст “зноў сустрэў нападніка — той спакойна разгульваў у двары яго дома, дзе некалькі дзён таму і адбылося злачынства”, падкрэсліваецца ў матэрыяле.

“Званок у паліцыю не дапамог: яму адказалі, што “лавіць ужо няма каго”, і параілі ператэлефанаваць, калі той (нападнік. — “Позірк”.) вернецца ў двор”, — падкрэслівае “Маланка медыя”.

“Пакуль яго не зловяць, я з дому не выйду”, — сказаў журналіст.

Пра збіццё супрацоўніка “Маланка медыя” стала вядома 25 ліпеня.

Адзначалася, што зламыснікі напалі на яго проста на вуліцы ў вільнюскім раёне Жырмунай “без папярэджання і бачнай прычыны”.

Мікалай (імя змененае) вяртаўся з працы, калі да яго падышла група нецвярозых людзей, гаварылася ў паведамленні. Адзін з іх, імаверна, палічыў, што хлопец здымае яго на тэлефон, калі ён пераключаў музыку на прыладзе, — і раптам ударыў: “Нешта выкрыкваючы на літоўскай, ён нанёс беларусу мінімум тры ўдары кулаком па твары і ўцёк”.

Відавочцы выклікалі хуткую дапамогу, хлопец быў дастаўлены ў цэнтр сківічна-тварнай хірургіі. Медыкі дыягнаставалі ў пацярпелага ірваную рану ніжняй губы і рассячэнне верхняй, удар мяккіх тканін і пашкоджанні дзясны і зубоў — лекары наклалі яму каля дзясятка швоў.

Журналіст падаў заяву ў паліцыю.

Падзяліцца: