Мінск 21:32

СБУ паведаміла пра затрыманне агента беларускага КДБ

Крыніца: СБУ

28 ліпеня, Позірк. Служба бяспекі Украіны “затрымала агента беларускага кдб, які шпіёніў на паўночнай мяжы Украіны”, паведаміла прэс-служба СБУ 28 ліпеня (арфаграфія захавана).

Контрразведка “сарвала планы спецслужбаў Беларусі атрымаць агентурныя даныя па абароне паўночнай мяжы Украіны” — на Валыні, гаворыцца ў рэлізе.

“Як устанавіла расследаванне, фігурантам аказаўся 24-гадовы мясцовы беспрацоўны, які шукаў “лёгкія заробкі” ў тэлеграм-каналах”, — сказана ў паведамленні.

У надзеі на сродкі ад беларускіх спецслужбаў агент пагадзіўся выконваць іх задачы. Сярод асноўных — сачэнне за лакацыямі блокпастоў і ўмацаваных раёнаў Сіл абароны на паўночным прыграніччы“.

Таксама фігурант “спрабаваў выявіць ваенныя эшалоны, якія рухаюцца па мясцовых шляхах або знаходзяцца на транзітных станцыях Украінскіх чыгунак”.

Агент, адзначылі ў СБУ, абыходзіў мясцовасць, дзе фіксаваў фартыфікацыйныя збудаванні сіл абароны і абазначаў іх геолокации на гугл-картах.

Ён затрыманы па месцы жыхарства: “Пры вобшуку ў доме затрыманага канфіскаваны тэлефон з ананімным чатам у мэсэнджэры, які ён выкарыстоўваў для кантактаў з беларускім спецслужбістам. Яго асоба ўжо ўстаноўлена контрразведкай СБУ”.

Фігуранту прад’яўлены падазрэнні паводле ч. 2 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча), якая прадугледжвае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці; ён знаходзіцца пад вартай.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: