Мінск 22:36

У першай палове 2025 года сярод несезонных тавараў і паслуг хутчэй за ўсё даражэлі какава-парашок, селядзец і абед у сталовай

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 ліпеня, Позірк. Какава-парашок, салёны селядзец і абед у сталовай сталі лідарамі па падаражэнні сярод несезонных тавараў і паслуг у першай палове 2025 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Белстата.

Цэны на какава-парашок павялічыліся на 53,73%, салёны селядзец — на 24,13%, абед у сталовай падаражэў на 21,86% пры агульным росце цэн на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі на 7,06%.

У першай пяцёрцы па росце цэн у гэтым сегменце таксама шакалад (+21,22%) і растваральныя какава-напоі (+19,44%).

Сярод сезоннай плодаагародніннай прадукцыі, як паведамляў “Позірк“, прыкметней за ўсё падаражэлі буракі (у 2,32 раза) і бульба (у 2,28 раза). У пяцёрцы лідараў таксама белакачанная капуста (у 2,04 раза), морква (на 84,63%), яблыкі (на 69,54%) і рэпчатая цыбуля (на 67,81%). Больш за ўсё патаннелі свежыя агуркі (на 37,78%), памідоры (на 30,76%), салодкі перац (на 28,48%), часнык (на 20,39%) і авакада (на 12,11%).

Сярод несезонных харчовых тавараў патаннелі толькі чатыры: шліфаваны і паліраваны рыс (-4,00%), аліўкавы алей (-0,95%), яйкі (-0,22%) і соль (-0,11%).

У топ-5 па падаражэнні ў нехарчовай групе: штодзённыя газеты (+14,67%), штотыднёвыя газеты (+13,75%), жаночыя зімовыя боты (+13,70%), зімовыя і дэмісезонныя паўбоцікі для хлопчыка (+13,23%) і мужчынскія боты, чаравікі на мяху (+12,23%). Пяцёрка тавараў, якія патаннелі значней за ўсё: садовая мэбля (-6,81%), персанальныя кампутары, ноўтбукі (-6,68%), аўтазапчасткі (-5,18%), электраўцюгі (-3,72%) і электрафены (-3,52%). Агулам нехарчовыя тавары сталі даражэйшымі на 2,39%.

У сферы паслуг, дзе за паўгоддзе цэны і тарыфы ўзраслі ў сярэднім на 5,93%, у топ-5 па падаражэнні абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі (+21,45%), халоднае водазабеспячэнне (+21,15%), водаадвядзенне (каналізацыя) (+19,26%), санаторна-аздараўленчыя паслугі (+18,57%) і абанплата за карыстанне мабільнай сувяззю (+17,46%). Патаннелі толькі рытуальныя паслугі (-3,59%) і авіябілеты (-1,44%).

Агулам спажывецкія цэны ў студзені — чэрвені 2025 года павялічыліся на 5,35%, у чэрвені — на 0,86% (на харчовыя тавары і безалкагольныя напоі — на 1,85%, нехарчовыя тавары — на 0,04%, паслугі — на 0,49%).

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: