Мінск 19:19

У Віцебску праз падмыты грунт абрынулася сем гаспадарчых пабудоў

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

26 ліпеня, Позірк. Сем гаспадарчых пабудоў абрынулася ў Віцебску праз падмыты грунт, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Інфармацыя пра здарэнне паступіла ў МНС раніцай 26 ліпеня. Адзначаецца, што ўсё адбылося “паблізу вуліцы Садовай”. Яна знаходзіцца ў Вярхоўі (на беразе Заходняй Дзвіны) — пасёлку, які ўваходзіць у склад Чыгуначнага раёна Віцебска, але ёсць эксклавам — ён аддзелены ад асноўнай часткі абласнога цэнтра тэрыторыяй Віцебскага раёна.

Паводле даных ведамства, разбураны “тэхнічны праезд памерам 4×70 м, з далейшым зрушэннем грунта ва ўчастак ракі Заходняя Дзвіна на прыкладнай плошчы 100×100 кв. м”.

“На месцы здарэння аператыўна сабраная камісія па НС пры Віцебскім гарвыканкаме, — гаворыцца ў паведамленні. — Папярэдне ніхто не пацярпеў. Вывучаюцца абставіны здарэння для прыняцця мер рэагавання, скіраваных на гарантаванне бяспекі грамадзян. Месца інцыдэнту агароджана. З насельніцтвам праведзена тлумачальная праца па выкананні мер бяспекі паблізу ўчастка сходу грунту”.

Спецыялісты займаюцца “ўмацаваннем зоны сыходжання грунту”. На месцы працуе 17 адзінак тэхнікі і 37 чалавек, у тым ліку МНС — 2 і 7 адпаведна.

Падзяліцца: